Drwiwy прэзентавалі святочную радыёп'есу
У новым трэку "Карусель" "шмат сяброўства, дзяцінства, радыёхваляў, гульняў, нерашучасці, тактоўнасці, цемры ды святла".
Эксперыментальны праект Drwiwy прадстаўляе новы трэк "Karusel". Каманда, якая летась выдала дэбютную пласцінку, цяпер займаецца другім альбомам. Удзельнікі гурта сцвярджаюць, што ён будзе моцна адрознівацца ад першага.
Паводле словаў музыкаў, якія перадае сайт Ultra-Music, "Karusel" — гэта святочная радыёп'еса. Маўляў, у трэку "шмат сяброўства, дзяцінства, радыёхваляў, гульняў, нерашучасці, тактоўнасці, цемры ды святла".
"Ляцім да зораў, парсючкі! — заклікаюць музыкі і віншуюць усіх з навагоднімі святамі. — Жадаем усім, каб жыццё змянялася, усё паялася, усё кахалася і здзяйснялася".
Гурт Drwiwy быў створаны ў 2009 годзе. Праз 3 гады музыкі прэзентавалі першы сінгл "Птушкі", а праз два месяцы - дэбютны альбом "Spokiŭ". У красавіку 2013 года Drwiwy выпусцілі падвоены сінгл "Альжбэта/Шэпты завулкаў правінцыі", а зараз рыхтуюць новы альбом.