Дулуб: спраў на сілавікоў няма, а чалавека, збітага машынай, вінавацяць у шкодзе

Дулуб: спраў на сілавікоў няма, а чалавека, збітага машынай, вінавацяць у шкодзе

"Мне паступалі прапановы з нашага чэмпіянату, але нават рады, што да падпісання кантракту справа не дайшла. Калі б заключыў пагадненне, то пасля жнівеньскіх падзей давялося б ставіць людзей, якія запрашалі мяне, у нязручнае становішча. Проста не змог бы прамаўчаць",заявіў у інтэрв'ю Tribuna.com трэнер Алег Дулуб. Нядаўна ён узначаліў футбольны клуб "Крумкачы".

Дулуб — адзін з падпісантаў ліста спартоўцаў за новыя прэзідэнцкія выбары і супраць гвалту сілавікоў. У інтэрв'ю ён патлумачыў, чаму зрабіў менавіта так.

Пытанні да ўлады, кажа трэнер, пачаліся яшчэ да саміх выбараў — з закрыцця крамы Symbal.by

"Напрыклад, калі людзі проста стаялі ў чарзе ў краму Symbal.by, а да іх пад'ехалі аўтазакі, і пачалі хапаць грамадзян, якія мірна стаяць. За што? Людзі ж нічога не парушалі", — здзіўляецца Дулуб. 

На саміх выбарах трэнер аддаў голас за Святлану Ціханоўскую: "Мне хаваць няма чаго, галасаваў за Ціханоўскую. Зайшоў у кабінку, прагаласаваў, сфатаграфаваў бюлетэнь, склаў яго і сышоў".

А 10 жніўня ён размаўляў са стрыечным братам з Мазыра. Той бачыў, як восем чалавек у форме міліцыі збівалі нагамі аднаго. 

"Тады мой брат пачаў кружляць вакол іх, каб адцягнуць на сябе ўвагу і выратаваць чалавека. На наступны дзень, калі ён ужо ехаў на машыне, яго спынілі: "З вамі хоча пагаварыць начальнік РУУС". І брат бачыў, што там адбывалася ўнутры, таму што яго затрымалі на тры дні. Кажа, што яго не чапалі, але іншым пашанцавала менш. Ён распавядаў, што зайшоў у камеру і ўбачыў у ёй афраамерыканца. Толькі аказалася, што гэта беларус, якога проста збілі да пасінення. Чалавеку зламалі шэсць ці сем рэбраў, перабілі ахілавыя сухажыллі! Як можна збіваць людзей да такога стану?! Дзе гонар мундзіра?" — абураны трэнер.

Ён пагаджаецца са словамі Вольгі Хіжынковай, што час заклікаць сілавікоў да выканання прысягі ўжо закончыўся. Дзеянні міліцыянтаў Дулуб параўноўвае са здрадай Юды: "Кожны з іх зрабіў свой усвядомлены выбар і павінен дакладна разумець, якія могуць быць наступствы. Не наступствы ў фізічным свеце, куды страшней наступствы іншага парадку — духоўныя. У дадзеным кантэксце заўсёды ўспамінаю гісторыю пра Юду, які аддаў Ісуса за 30 срэбранікаў. Напэўна, па тых часах гэта былі вялікія грошы, але на іх была кроў. Калі Юда зразумеў, што стварыў, ён вярнуў гэтую суму і павесіўся. Упэўнены, такія грошы праклятыя ў любога народа. Не збіраюся кагосьці агітаваць, але для сябе зрабіў галоўную выснову, што на гэтых грошах ляжыць праклён да сёмага калена".

Трэнер кажа, што з боку ўлады часта гучаць абвінавачванні людзей у эстрэмізме і тэрарызме. Але ёсь жа і дзяржаўны тэрарызм — дзяржаўны гвалт супраць грамадзянскіх асоб. На думку Дулуба, менавіта пра яго варта казаць сёння ў Беларусі: "Пад актамі дзяржаўнага тэрарызму звычайна разумеюць незаконныя затрыманні, забойствы, выкраданні, катаванні і пакаранне грамадзян без суда і следства, якія выконваюцца супрацоўнікамі сілавых структур. Цяпер параўнайце гэта з падзеямі, якія адбываліся ў Беларусі. Ёсць забітыя, ёсць параненыя, ёсць пакалечаныя, але ў дачыненні да вінаватых не пачата ніводнай крымінальнай справы. У той жа час, калі чалавека збівае машына, яго абвінавацяць у прычыненні шкоды службоваму транспарту".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі