2 гады таму загінуў Вітольд Ашурак. Цяпер гэта Дзень салідарнасці з палітвязнямі
Міжнародны дзень палітвязня ўстаноўлены па ініцыятыве праваабарончага цэнтра “Вясна” / spring96
Праваабаронцы “Вясны” абвясцілі 21 траўня Днём салідарнасці з палітвязнямі Беларусі. У гэта дзень два гады таму ў шклоўскай калоніі №17 памёр палітвязень Вітольд Ашурак.
“Звяртаючыся да суайчыннікаў і суайчынніц, мы заклікаем да салідарнасці з усімі палітвязнямі і людзьмі, падвергнутымі крымінальнаму, адміністрацыйнаму і іншым відам палітычнага пераследу.
Пакуль не дасягнута мэта іх вызвалення і спынення пераследу, наша агульная дапамога і падтрымка – гэта тое нямногае, што мы можам супрацьпаставіць намаганням бяздушнай бязлітаснай тыраніі”, — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.
"Не было побач нікога з блізкіх, хто б прытуліў перад смерцю"
Супраць Вітольда Ашурка распачалі крымінальную справу ў жніўні 2020 года. Яго асудзілі да 5 гадоў калоніі. Але 21 траўня 2021 года Вітольд памёр у калоніі пры нявысветленых абставінах.
Родныя дагэтуль не ведаюць прычынаў яго смерці. Сям’і не перадалі вынікаў экспертызы, не выдалі заключэння з указанай прычынай смерці, нагадваюць праваабаронцы. Крымінальнай справы па факце ягонай смерці дагэтуль няма.
"Шкадую, што паміраў адзін у чужых людзях, у такім болі. Не было побач нікога з блізкіх людзей, хто б пашкадаваў, прытуліў яго перад смерцю. Я да самай смерці буду плакаць", — казала тады старэнькая маці Вітольда.
1520 палітвязняў
Проста цяпер у Беларусі палітвязнямі прызнаныя болей 1500 чалавек. Але фактычна тых, каго пераследуюць па палітычных матывах, яшчэ больш.
Вось тут можна паглядзець, якія мерапрыемствы запланаваныя беларускай дыяспарай на гэты дзень у розных гарадах свету.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.