Два страўсы, якія збеглі пад Асіповічамі, да гэтага часу не знойдзеныя
Так выглядаюць эму, якія збеглі. Фота: Раман Пратасевіч / Еўрарадыё
Два страусы, якія збеглі з вальера пад Асіповічамі, да гэтага часу не знойдзеныя. Экзатычныя птушкі збеглі падчас пажару, які адбыўся рана раніцай 27 сакавіка ў вальеры ў вёсцы Майсеевічы. Там цалкам згарэў птушнік, які належыць прадпрыемству "Ахова прыроды". Яго супрацоўнікі лечаць параненых птушак, якіх туды звозяць з усёй Беларусі.
У пажары загінулі белы бусел і палявая лунь — драпежная птушка сямейства ястрабіных. Іншых птушак з вальера — 9 белых буслоў і 4 эму — удалося выратаваць. Два з чатырох эму у мітусні збеглі з тэрыторыі "Птушынага двара" і ўжо больш за суткі застаюцца на волі.
Дырэктар ЧПУ "Ахова прыроды" Жанна Сашчанка просіць дапамагчы ў пошуках эму.
Спецыялістка папярэджвае: калі ўбачыце страусаў — абыходзьце бокам і ні ў якім разе не пужайце! Бо гэта вельмі моцныя птушкі, і яны могуць пачаць абараняцца. Калі вы ўбачыце птушак, Жанна Сашчанка просіць адразу патэлефанаваць па наступных нумарах: +375296621618, +375296684731 — або ў МНС.