Двух пацярпелых на Аршанскім мясакансервавым камбінаце перавезлі ў Мінск
Спачатку ўсіх пацярпелых шпіталізавалі ў гарадскую бальніцу №1
Двух пацярпелых на Аршанскім мясакансервавым камбінаце перавезлі ў Мінск. Цяпер ім аказваюць дапамогу ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры пры Бальніцы хуткай меддапамогі, паведамляе "Аршанская газета". У жанчын цяжкія траўмы, апёкі. Іх стан ацэньваецца як цяжкі.
У абедзвюх пацыентак апёкі гарачай вадкасцю і парай вобласці твару, шыі, тулава, верхніх і ніжніх канечнасцяў, паведамляе БЕЛТА. Першая 44-гадовая жанчына мае аб'ём паражэння 70%. Яна знаходзіцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Другая 55-гадовая пацыентка мае аб'ём паражэння 40%. Жанчына знаходзіцца ў свядомасці, размаўляе.
Яшчэ адна пацыентка, пацярпелая ў найменшай ступені, пераведзеная з Оршы ў апёкавае аддзяленне Віцебскай абласной бальніцы.
Здарэнне на Аршанскім мясакансервавым камбінаце адбылося 1 лістапада. У кансервавым цэху сарвала вечка вертыкальнага аўтаклава для стэрылізацыі прадукцыі. Былі траўмаваныя і атрымалі апёкі 5 работнікаў прадпрыемства. Спачатку іх усіх шпіталізавалі ў гарадскую бальніцу №1.
Тым часам на прадпрыемстве ідуць аднаўленчыя працы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.