Дынько: прасторы для грамадска-палітычных СМІ ў Беларусі не засталося
Галоўны рэдактар часопісаў “Наша гісторыя”, “Дуду” і “Асцярожна: дзеці!” Андрэй Дынько даслаў ліст з Акрэсціна. Ён расказаў, у якіх умовах сядзяць затрыманыя "нашаніўцы".
Андрэя Дынько разам зіншымі "нашаніўцамі" затрымалі 8 ліпеня. З таго часу яны знаходзяцца на Акрэсціна. На іх пачалі крымінальную справу.
“Упэўнены, што не толькі я, але і мае калегі не вінаватыя ні ў чым, і гэта стане ўсім відавочна. На маю думку, мы проста закладнікі ў палітычным гандлі. Тыя, хто робяць “Нашу гісторыю”, рабілі тое, што мусілі, выконвалі свае працоўныя абавязкі. Наш агульны прынцып быў і ёсць: “Наша Ніва” не ўдзельнічае ў палітычных гульнях, а аб'ектыўна асвятляе працэсы, якія адбываюцца ў краіне і за мяжой", — цытуе ТГ-канал "Нашай Нівы" ліст Дынько.
Ён згадвае справы іншых журналістаў — Кацярыны Барысевіч з TUT.by, Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай з "Белсата"... Кажа, што нават "справа TUT.by" здавалася разавай акцыяй, а не паслядоўнай палітыкай.
“Здавалася, што гэта будзе выпраўлена, што журналісты выйдуць. Але зараз я са шкадаваннем канстатую, што прасторы для працы грамадска-палітычных СМІ ў Беларусі не засталося”, — заяўляе Дынько.
Як распавядала Еўрарадыё, сёння дырэктарка выдання Настасся Роўда паведаміла, што рэдакцыя будзе працаваць па-за межамі Беларусі. Гэта патлумачанае прычынамі бяспекі.
Дынько піша таксама, што яго і іншых "нашаніўцаў" на Акрэсціна трымаюць уў вельмі кепскіх умовах: няма матрацаў і падушак, бялізны, увесь час у камеры гарыць святло.
Свой ліст ён завяршае адсылкай да вядомага мема, які стаў папулярны апошнімі тыднямі: "Так выйшла, што мяне затрымалі ў дні, калі ў паветры нашых бароў стаіць адзін з маіх любімых водараў — чабор. І мне дагэтуль ён пахне”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.