"Наша Ніва" спыніла працу рэдакцыі ў Беларусі

"Наша Ніва" спыніла працу рэдакцыі ў Беларусі

"Наша Ніва" спыніла працу рэдакцыі ў Беларусі з меркаванняў бяспекі. Пра гэта дырэктарка выдання Настасся Роўда заявіла на прэс-канфкрэнцыі 13 ліпеня.

"Цяпер каманда ў стрэсе. Частка застаецца ў Беларусі, яны не працуюць у дадзены момант. Частка знаходзіцца за мяжой. На шчасце, калі да нас прыйшлі, супрацоўнікі за мяжой змаглі падхапіць задачы і аператыўна заняцца працай, мы крыху перагрупаваліся", — перадае БелаПАН словы Роўды.

Супрацоўнікам, якія засталіся ў Беларусі, рэдакцыя дала час падумаць, ці гатовыя яны пераехаць за мяжу, каб прадоўжыць працу. Кіраўніцтва выдання хоча адрадзіць рэдакцыю ў новым фармаце па-за межамі Беларусі. Роўда дадала, што каманда "НН" працуе над аднаўленнем сайта выдання.

Апошнія дзеянні ўладаў яна ахарактарызавала як фактычную забарону на прафесію журналіста ў Беларусі: "Працаваць журналістам незалежнага выдання ўнутры краіны раўнацэнна самагубству. Ты проста ідзеш у турму пад крымінальны артыкул. Для нас было важна заставацца са сваім народам да апошняга, і мы гэта рабілі. Але цяпер, калі чацвёра нашых калег за кратамі, гэта немагчыма". 

8 ліпеня сайт выдання быў заблакаваны, у рэдакцыі і дома ў супрацоўнікаў адбыўся ператрус. Сілавікі затрымалі чатырох чалавек — гэта галоўны рэдактар Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч і галоўны рэдактар "Нашай гісторыі" Андрэй Дынько. Іх падазраюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі