"Дзецям не будзе сорамна за вас?" Экс-супрацоўнікі МУС звяртаюцца да былых калег
Форма МУС / belnaviny.by
Беларусы, раней далёкія ад палітыкі, сёння актыўна выказваюцца пра падзеі ў краіне. Далучыліся да "флэшмобу" і экс-супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Яны расказваюць пра сваю работу, пра прычыны сыходу з сілавых структур, нагадваюць былым калегам пра сумленне і заклікаюць да выканання законаў.
"Як на практыцы выконваецца крэда "Служу закону, народу, айчыне"?"
"Сышоў таму, што перыядычна задзейнічалі ў масавых мерапрыемствах. Убачыў, як там канвеерам "лепяць" пратаколы затрыманым на пратэстах, як утрымліваюць людзей. Я не хацеў у гэтым прымаць удзел. І не прымаў, але не хацелася нават ускосна быць саўдзельнікам", — расказвае Еўрарадыё Канстанцін — былы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку.
"Таксама часта адхіляліся разумныя ініцыятывы і прапановы з боку супрацоўнікаў. Не было матэрыяльнай базы: куплялі за свой кошт паперу, часта не хапала камп'ютараў. Але гэта дробязі. На работу даводзілася хадзіць шэсць дзён на тыдзень, а аплачваліся, вядома ж, толькі пяць. Даплату за перапрацоўкі і "суткі" адмянілі і замянілі адгуламі, у якія, вядома ж, ніхто не адпускаў.
Пастаянныя патрабаванні выканаць "план" па злачынствах, работа да ночы амаль кожны дзень, ніякага асабістага жыцця, папяровая цяганіна... Да таго ж былі патрабаванні выдаліцца з сацыяльных сетак. Тых, хто выказваў нейкую незадаволенасць, завальвалі работай яшчэ больш. Калі не спраўляўся — службовыя праверкі, пазбаўленні прэмій і надбавак, псіхалагічны ціск", — працягвае хлопец. Цяпер ён працуе ў сферы экшн-спорту і турызму.
Яго допіс-зварот у "Інстаграме" да былых калег набраў больш за 26 тысяч лайкаў! Цытуем частку з яго:
"Якія эмоцыі і пачуцці выклікае ў табе фота супрацоўніка ў форме? Страх? Агіду? Можа, пачуццё бяспекі? Калі я быў зусім юны, менавіта апошняе пачуццё кожны раз узнікала ўва мне пры выглядзе міліцыянера. І я, як і многія знаёмыя хлопцы, якія хацелі стаць супергероямі ў пагонах і абараняць людзей, стаў на гэты шлях асабліва не разважаючы.
На працягу двух з невялікім гадоў пасля заканчэння Акадэміі МУС задаваць пытанні было часткай маёй штодзённай работы оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку. І я хачу задаць пытанне ўсім дзейным і былым супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Як на практыцы цяпер выконваецца запаветнае крэда "Служу закону, народу, айчыне"?
Як гэта крэда суадносіцца з тым, што адбываецца да, падчас і пасля выбараў прэзідэнта? Як суадносяцца паміж сабой служба народу і затрыманні людзей, якія мірным мітынгам хочуць данесці да халуёў у высокіх чынах: "Паглядзіце, нам дрэнна, нам надакучыла, мы стаміліся ад пустых абяцанняў, мы хочам перамен"? Як намаляваныя пратаколы і неадрэпетаваныя хлуслівыя выступы міліцыянераў у судзе пасля масавых затрыманняў суадносяцца з законнасцю? Як выкананне загадаў некаторых маразматыкаў у пагонах суадносіцца са службай айчыне? Чаму супрацоўніка, які разумее, што адбываецца ў краіне, і хоча адмовіцца ад затрыманняў, папярэджваюць пра крымінальную адказнасць за здраду дзяржаве і пад страхам атрымаць ад сямі да пятнаццаці (арт. 356 КК РБ) вымушаюць ісці супраць народа?"
Канстанцін "дыскрэдытаваць праваахоўную сістэму" не хоча, але лічыць, што яна магла б працаваць больш эфектыўна, калі б у ёй прысутнічала больш дыялогу і менш "адзінаначалля і безумоўнага загаду".
"Была і падтрымка ад некаторых кіраўнікоў, было шмат прыстойных супрацоўнікаў у калектыве, трапляліся цікавыя справы. Але ў нейкі момант усведамленне таго, што не хачу працаваць у міліцыі (як і ў 70-80% выпускнікоў Акадэміі МУС), пераважыла", — тлумачыць ён, чаму сышоў з органаў унутраных спраў.
3 сутачныя нарады і 2 тыдні ў казарме за адмову ісці на хакей
Дзяніс Сцяпура пяць гадоў служыў па кантракце ў мінскай міліцыі. На сваёй старонцы ў "Інстаграме" экс-міліцыянер расказвае, з якімі сітуацыямі сутыкаўся падчас работы, а таксама заклікае да смеласці былых калег.
“Людзі баяцца сказаць сваё законнае "НЕ" пад страхам уяўных санкцый, хаця на практыцы мала хто спрабаваў гэта праверыць. Ды і нават калі ўявіць, што за законны пасіўны пратэст абавязкова прыляціць нейкае пакаранне, то на вуліцы даўно не 37-ы год і самай фатальнай санкцыяй будзе не расстрэл, а непрацяг працоўнага кантракту, пасля якога жыццё не толькі не скончыцца, але і адкрые новыя перспектывы.
Я б не быў настолькі катэгарычным, калі б не праверыў шматразова тэорыю пасіўнага пратэсту на сваёй шкуры падчас службы ў міліцыі. І ў большасці выпадкаў мне ўдавалася выходзіць сухім з вады, а тыя самыя ўяўныя санкцыі атрымаў толькі аднойчы, і яны былі нішто ў параўнанні з атрыманай маральнай перамогай.
Аднойчы ў Акадэміі МУС нам загадалі сабрацца на хакей у наш выходны дзень у цывільнай форме адзення, я гэты загад праігнараваў і застаўся дома, разумеючы, што рызыкую нарвацца на санкцыі за мой пасіўны пратэст. Натуральна, што пасля таго, як мяне не далічыліся на трыбуне, я быў выкліканы да камандзіра. На пытанне, па якой прычыне я адсутнічаў на матчы, я адказаў сціпла без лішніх тлумачэнняў, што проста не хачу ў гэтым удзельнічаць, тым больш у свой законны выходны. Пакаранне было наступнае: тры сутачныя нарады па-за чаргой і засяленне на два тыдні ў казарму. “Не так ужо і шмат за захаванне ўласнай годнасці”, — падумаў я і з усмешкай адбыў пакаранне, затое пасля гэтага на хакей мяне ўжо больш не клікалі”.
Цяпер Дзяніс — работнік крамы нацыянальнай прадукцыі Symbal.by.
"Ні адзін з тых, хто звольніўся, не пашкадаваў пра гэта"
Арцём Жадан 11 гадоў свайго жыцця прахадзіў "у пагонах". Расстаўся з імі ў 2013 годзе. Не шкадуе.
"Было агульнае расчараванне ад арміі, назапашанае за некалькі гадоў. Я павінен быў адслужыць пяць гадоў па сваім першым кантракце, але мяне хапіла на два гады. Цяпер я працую ў кампаніі па візавай падтрымцы і рады, што тады звольніўся ў 2013 годзе", — расказвае Арцём Еўрарадыё.
У "Інстаграме" ў сваім допісе ён дзеліцца ўспамінамі пра службу і заклікае не баяцца мяняць сваё жыццё: "Я вырас у маленькім вайсковым гарадку Віцебскай вобласці. З малых гадоў прымерваў то бацькаву фуражку, то пілоткі знаёмых.
Потым чатыры гады ў Сувораўскім, прысяга, пяць на ваенным факультэце — і вось ты прыгожы стаіш на пляцы і атрымліваеш першыя доўгачаканыя лейтэнанцкія зорачкі.
Я ведаю, куды ішоў! Хаця не... Я думаў, што ведаю! Гэта была дзіцячая ілюзія. Крыўдна, што наша армія ператварылася з эліты краіны ў таварыства ананімных алкаголікаў (цяпер я крыху ўтрырую, афіцэры таксама засталіся, але іх вельмі мала). Дзякуй вам за дзіцячую мару, спадар прэзідэнт!
Мяне хапіла крыху менш чым на два гады. Я як цяпер памятаю той дзень, калі сядзеў у службовым кабінеце і мне на вочы трапіўся сканворд. Я не змог разгадаць нават палову слоў. "Я дэградую..." Праз чатыры месяцы я склаў свае пагоны. Я пачаў сваё жыццё з нуля: ні досведу, ні кватэры. Толькі доўг перад арміяй $6700 і чысты аркуш.
Лічаныя адзінкі маіх аднакурснікаў працягнулі служыць у арміі, і ні адзін з тых, хто звольніўся, не пашкадаваў пра гэта! Не бойся мяняць сваё жыццё, не бойся выказваць сваё меркаванне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.