Джаз ля Ратушы: З каверамі на "Дэпешаў" і Scorpions, але пры аншлагу
10 чэрвеня ля мінскай ратушы стартуюць традыцыйныя Джазавыя вечары. Напярэдадні фестываль змяняе арганізатараў, і ў музычных колах пачынаецца паніка, маўляў, на месца элітарнай тонкай музыцы, якой заўсёды славіліся вечары, прыйдзе "нешта смачнае для слухача".
Але публіка, некалькі тысячаў чалавек, нейкай падмены не заўважае. Гледачы, якія не першы год прыходзяць слухаць джаз на плошчу Свабоды, гэтак жа захоплена сустракаюць Харысана Янга з джазавымі апрацоўкамі рок-хітоў , як і летась чароўнага эстэта Сачала Васандані. І скорпінаўскі "Wind of Change", ад якога, падаецца, павінна ванітаваць, ім чамусьці "заходзіць" на ура. Сапраўднай зоркай адкрыцця становіцца маленькая Сафія Курловіч, авацыямі сустракаюцца як невядомы для гэтай публікі дуэт "Агата", так і хэдлайнер канцэрта — чаканы многімі знакаміты амерыканскі джазавы гітарыст Скот Хендэрсан.
Усё вельмі проста: мінчукі любяць тусавацца на джазе ля ратушы. Традыцыя слухаць летам аўтарскую музыку ці джазавыя стандарты ў сталіцы ўсталявалася. Публіка паверыла ў тое, што Мінск — частка Еўропы, дзе ў кожным горадзе ёсць свой "джаз на старувцы". Таму цяпер арганізатарам можна сапраўды не асабліва замарочвацца, рыхтаваць праграму за паўтара месяцы, бо на джазе ля ратушы ўсё адно будзе аншлаг: калі не прыйдуць меламаны, прыйдуць новыя гледачы, якім таксама захочацца паляжаць на траўцы на плошчы Свабоды, папіць гарбаты з тэрмасу і разняволіцца. Бо пакуль гэта магчыма здзейсніць беспакарана толькі на джазе.