“Джазавыя вечары”: Знакамітыя музыкі цяпер самі просяцца сыграць у Мінску
У суботу, 11 чэрвеня, у Мінску стартуюць “Джазавыя вечары ля Ратушы з Банкам БелВЭБ”. Сёлета запланаваныя тры імпрэзы. Пра тое, чым будзе адметная праграма вечароў, што зробіць адпачынак мінчан больш камфортным і чаго чакаць ля ратушы пасля джазу, Еўрарадыё распавядае Наталля Куцан, дырэктар фонда “Ідэя”, які разам з Мінгарвыканкамам і канцэртным агенцтвам “Эквілібрыум Артс” ладзіць фэст.
Еўрарадыё: Мяркуючы па афішы, сёлета чакаецца грандыёзнае шоу! Як вы адбіралі ўдзельнікаў гэтым разам?
Наталля Куцан: Сёлета фэст дасягнуў такога стану, калі пра яго сапраўды ведаюць. І некалькі музыкаў з пулу гэтых знакамітых і цудоўных, якія чакаюцца ў чэрвені, адшукалі нас самі. Яны напісалі, што чулі пра наш фэст, што ніколі не былі ў Мінску і хочуць да нас прыехаць. У гэтым годзе пашыраецца геаграфія “Джазавых вечароў”. Калі летась да нас прыязджалі прадстаўнікі шасці краін Еўропы, то сёлета да еўрапейцаў далучацца амерыканцы: сусветна вядомы вакаліст Sachal Vasandani і Аркестр ваенна-паветраных сіл ЗША ў Еўропе. Гэта сапраўды мусіць быць грандыёзна!
Еўрарадыё: Якой аўдыторыі будзе пасаваць праграма сёлетніх джазавых вечароў?
Наталля Куцан: Я думаю, што на фэст прыйдуць не толькі заўсёднікі, але і тыя, хто хацеў гэта зрабіць, але пакуль не даходзіў. У мінулым годзе мы назіралі вельмі розных людзей, пачынаючы з прыгожых студэнтаў, якія проста цікавяцца ўсім, што адбываецца ў горадзе, і заканчваючы цудоўнымі тэатральнымі бабулямі, якія прыходзяць таксама паслухаць джаз. І сёлета мы хочам, каб нашым гасцям было больш камфортна на пляцоўцы, таму паляпшаем інфраструктуру: будзе смачная і карысная вулічная ежа, якую можна будзе набыць прама на пляцоўцы, не адыходзячы далёка ад сцэны. Апроч таго, чакаецца і дзіцячая пляцоўка, каб самыя маленькія гледачы пры дапамозе адмысловых педагогаў маглі заняцца чым-небудзь цікавым.
Еўрарадыё: Ці чакаць зону для сядзення, пра якую не раз згадвалася на форумах пры абмеркаванні фэсту?
Наталля Куцан: На гэтай пляцоўцы цяжка арганізаваць сядзячыя месцы, бо яна вельмі невялікая. А з улікам таго, што людзей прыходзіць вельмі шмат, іх проста фізічна немагчыма размясціць на гэтай тэрыторыі. Да таго ж, вакол дастаткова шмат кропак харчавання. Можна сесці на летняй тэрасе, выпіць гарбаты ці віна і паслухаць канцэрт.
Еўрарадыё: Летась мы з вамі гаварылі, што, магчыма, фэст выйдзе за межы плошчы Свабоды і што жыхарам таго ж раёна трактарнага завода джаз пад бокам не пашкодзіць…
Наталля Куцан: Мы робім адну лакацыю і спадзяемся, што з Трактарнага завода госці прыедуць да нас.
Еўрарадыё: Не баіцеся, што аднойчы публіка проста не змесціцца ля Ратушы і тады давядзецца рабіць уваход платным ці пераязджаць на новае месца?
Наталля Куцан: Калі раптам такое адбудзецца, то будзем пераязджаць. Я думаю, што паколькі ёсць брэнд "Джазавыя суботы", то людзі прыйдуць на любую пляцоўку. Проста цяперашняя нам вельмі падабаецца. Яна атмасферная, прыгожая, у яе сапраўды ёсць свая душа. Адпаведна, і канцэрты на ёй атрымліваюцца вельмі ўтульнымі, камернымі, і, уласна, мы робім іх прамінаднымі, каб людзі, гуляючы па горадзе, заадно заходзілі на канцэрт. Але калі мы вырашым пераехаць, то гэта будзе ўсё адно цэнтр горада, недзе на стыку транспартных шляхоў.
Еўрарадыё: Чым фэст будзе адрознівацца ад папярэдніх? Ёсць нейкія змены, якія тычацца ідэі і падыходу да арганізацыі?
Наталля Куцан: Наша галоўная мэта — зрабіць Мінск цікавейшым. Штогод мы намагаемся запрашаць музыкаў вышэйшага ўзроўню. Да таго ж, штовечар на сцэне ў абавязковым парадку будуць прадстаўленыя беларускія джазмены. І апроч вядомых Apple Tea і трыа Канстанціна Гарачага, чакаюцца новыя імёны, новыя беларускія калектывы, якія сыграюць разам з выдатнымі выканаўцамі з іншых краін. То бок, мы хочам паказаць, што першапачаткова джаз — гэта імправізацыя, гэта эмоцыя, і мы сутыкаем розных, магчыма, дагэтуль не знаёмых адзін з адным музыкаў для таго, каб атрымаўся вось такі эмацыйны выступ. І вельмі здорава назіраць, калі людзі абмяняўшыся нотамі і зрабіўшы адну рэпетыцыю разам, на пляцоўцы яднаюцца, становяцца з кожнай хвілінай больш яскравымі і экспрэсіўнымі.
Еўрарадыё: Як сёлета будзе вырашаная сітуацыя з аховай тэрыторыі? Ці чакаць турнікетаў, якія летась выклікалі хвалю абурэння ў публікі?
Наталля Куцан: З трох мінулагодніх канцэртаў толькі адзін быў з турнікетамі, і гэта было выклікана дастаткова раптоўным для ўсіх прыездам патрыярха Кірыла з Масквы. І тое, чаму былі турнікеты, дастаткова лёгка патлумачыць: у адзін час на адной пляцоўцы сабралася больш за 20 тысяч людзей. Усе мы памятаем трагедыю на Нямізе. І калі б, не дай Бог, пайшоў дождж, магла б адбыцца трагедыя. Таму дзеянні ўнутраных органаў дастаткова зразумелыя. У чэрвені пакуль што падобных візітаў не плануецца. Таму ў штатным звычайным рэжыме турнікетаў быць не павінна.
Еўрарадыё: “Джазавыя вечары” пройдуць у межах трох чэрвеньскіх субот. Чаго чакаць мінчанам у ліпені і жніўні?
Наталля Куцан: Фонд “Ідэя” і Мінгарвыканкам пасля “Джазавых вечароў” прадставяць “Класіку ля Ратушы”. Мы плануем вельмі разнастайную праграму, пачынаючы з мюзіклаў і музычных батлаў у выкананні беларускіх класічных музыкаў. Сёлета ў нас будзе восем “класічных” субот.