Джазмэну Паўлу Аракеляну не хацелі рабіць новы пашпарт з-за... барады

Джазмэну Паўлу Аракеляну не хацелі рабіць новы пашпарт з-за... барады

Беларускі джазмэн і ўдзельнік гурта "Крамбамбуля" Павел Аракелян вырашыў памяняць пашпарт. Здаў усе дакументы і праз месяц пайшоў яго, новенькі, забраць. Але замест пашпарта яму вярнулі дакументы, бо на фота ў пашпарце не мусіць быць... барады!

Прынамсі, так спачатку кажуць Паўлу ў паштартным аддзеле разлікова-касавага цэнтра Першамайскага раёна сталіцы.


"І, па запэўненнях пашпартысткі, бараду трэба галіць або разбіраць выпадак на ўзроўні горада, ГОРАДА!", ― піша музыка ў Фэйсбуку.


Пакуль Павел разбіраецца з праблемай "на узроўні горада", Еўрарадыё спраўджвае інфармацыю ў іншых пашпартных службах сталіцы.


"Можна фатаграфавацца на пашпарт з барадой, няма ніякіх параметраў, ― кажа супрацоўніца аддзела па грамадзянстве і міграцыі Ленінскага раёна Мінска. ― Адзінае, калі з-за барады нельга цалкам ідэнтыфікаваць твар, то, вядома, трэба без яе. Але калі ўсё нармальна бачна, то няма праблемы".


Цяпер Павел Аракелян выглядае так, вось яго фота за 1 ліпеня: 

 

Джазмэну Паўлу Аракеляну не хацелі рабіць новы пашпарт з-за... барады
Фота з сацыяльных сетак

Як бачым, барада ў Паўла акуратная, падстрыжаная і не перашкаджае яго пазнаць у натоўпе.


Праўда, у іншым аддзеле па грамадзянстве і міграцыі, Маскоўскім, нас запэўніваюць, што ёсць міжнародныя нормы таго, якім павінна быць фота чалавека ― ніякай самадзейнасці!


"Памер фотаздымка мусіць быць чатыры на пяць, а ад падбароддзя да заканчэння апошняга валаска на галаве ― 32-35 мм. Калі чалавек трапляе ў гэтыя параметры, то ўсё ў парадку. Калі не, то пашпарт яму не аддрукуюць", ― адказвае супрацоўніца.


У выніку Павел Аракелян не вядзецца на ўгаворы пашпартысткі пагаліцца, але ўсё ж падстрыгае бараду і фоткаецца зноў, бо пашпарт патрэбны тэрмінова, а на прынцыповасць няма часу:


"Не ведаю, чаму, але за справу ўзяўся цэлы палкоўнік! Ён выдаў дакладнае патрабаванне да фота. Ад макушкі да падбароддзя мусіць быць 35 мм. Бо ў супрацоўнікаў праблема была ў тым, што лічыць падбароддзем ― раённы аддзел меркаваў, што гэта само падбароддзе, а гарадскі ― барада".


Вось так будзе выглядаць Павел Аракелян на новым пашпарце:

 

Джазмэну Паўлу Аракеляну не хацелі рабіць новы пашпарт з-за... барады
Фота прадстаўлена Паўлам

То бок, цяпер, згодна з “міжнароднымі нормамі”, на пашпартным фота твар Пашы ад макушкі да заканчэння барады ўмяшчаецца ў 35 мм. Дагэтуль ― у 40 мм. Самае смешнае, што твар з барадой галоўнага рэдактара Еўрарадыё на фота ў такім жа дакуменце ― 43 мм!

 

Цікава, што да мужчын, якія на фотаздымку ў пашпарце яшчэ не паспелі адрасціць бараду, але ў рэальным жыцці яе носяць, часта ёсць прэтэнзіі памежнікаў. Маўляў, гэта не вы! У такім выпадку чаму твар мужчыны, паводле меркавання некаторых супрацоўнікаў пашпартных служб, мусіць быць цнатліва-чыстым на пашпартным фота, пытанне рытарычнае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі