Дзярждэп ЗША: Галоўнае — справядлівыя выбары, а не тое, хто стане дэпутатам

Дзярждэп ЗША: Галоўнае — справядлівыя выбары, а не тое, хто стане дэпутатам

Трэці раўнд беларуска-амерыканскага дыялогу па правах чалавека праходзіць у Мінску. Як паведаміла намесніца памочніка дзяржсакратара па пытаннях Еўропы і Еўразіі Брыджэт Брынк, за два дня візіту іх дэлегацыя сустрэлася з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, прадстаўнікамі апазіцыйных партый, грамадзянскай супольнасці і праваабаронцамі.

Брынк: “Падчас абмеркаванняў узнімалася пытанне: якія змены ў галіне правоў чалавека маглі б забяспечыць большую адпаведнасць Беларусі патрабаванням АБСЕ ў плане правядзення выбараў і іншых міжнародных нормаў, якія Беларусь на сябе добраахвотна ўзяла? Спіс гэта доўгі, але ён дастаткова добра вядомы: у рэкамендацыях, якія давала БДІПЧ АБСЕ, указана, напрыклад, празрыстасць падліку галасоў, усяго выбарчага працэсу, фармавання выбарчых камісій, каб забяспечыць больш шырокае прадстаўніцтва. Мы заявілі, што гэта магло б быць тым залатым стандартам, на якім выбары маглі б будавацца”.

Па словах прадстаўніцы Дзярждэпартаменту, падчас сустрэчы з Лідзіяй Ярмошынай яны даведаліся, што некаторыя з рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ беларускія ўлады плануюць выканаць падчас сёлетніх парламенцкіх выбараў. ЗША лічаць гэта станоўчым знакам, але будуць уважліва сачыць, наколькі добра яны выконваліся. Прычым для ЗША не самае галоўнае, каб у выніку выбараў у парламент абавязкова трапілі прадстаўнікі апазіцыі.

Брынк: “Мы падкрэслівалі падчас сустрэч: неабходна стварэнне такой атмасферы, якая б забяспечыла правядзенне свабодных, справядлівых выбараў. Гэта могуць быць апазіцыйныя кандыдаты, могуць быць праўладныя, але галоўнае — працэс, а не яго вынік. Наша пазіцыя: размова ідзе не пра канкрэтных кандыдатаў, а пра сам працэс”.

Брыджэт Брынк нагадала, што санкцыі ЗША супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў зараз “замарожаныя”. Калі рэакцыя БДІПЧ АБСЕ на працэс правядзення парламенцкіх выбараў будзе добрая, то ЗША будуць вырашаць, што з гэтымі санкцыямі рабіць далей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі