Чаго чакаць беларусам ад палітычных гульняў у Вашынгтоне? Адказваюць эксперты

Белы дом — афіцыйная рэзідэнцыя прэзідэнтаў ЗША

Белы дом — афіцыйная рэзідэнцыя прэзідэнтаў ЗША / britannica.com

21 ліпеня кіраўнік ЗША Джо Байдэн зняўся з выбараў прэзідэнта. На яго месца прэтэндуе віцэ-прэзідэнтка Камала Харыс, якой супрацьстаіць непатапляльны папуліст-рэспубліканец Дональд Трамп.

Як гульні за прэзідэнцкае крэсла ў ЗША адаб’юцца на будучым беларусаў? На гэта пытанне ў эфіры Еўрарадыё адказалі два палітолагі.

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што пакуль даваць прагнозы рана — “дэмакратам” спачатку варта вызначыцца з новым кандыдатам.

“Адна справа — перадвыбарчая рыторыка, а іншая — рэальная палітыка. Гэтыя рэчы далёка не заўсёды супадаюць. Толькі можна сказаць, што для вонкавай палітыкі Дональда Трампа падтрымка дэмакратыі знаходзіцца не на першым месцы. Пра гэта можна сказаць адназначна”, — падкрэсліў суразмоўца. 

Калі б Трамп цяпер быў прэзідэнтам, то гэта не моцна б паўплывала на падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў. 

“Дзейнічае пэўная інэрцыя дэмакратычнага працэсу. Ёсць законы, “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, у рамках якога павінны прымацца рашэнні, прычым не толькі адміністрацыяй прэзідэнта, але і на іншых узроўнях, — разважае Карбалевіч. — У мяне спадзеў, што бюракратычная амерыканская машына будзе працаваць па-ранейшаму. Не думаю, што кардынальна нешта памяняецца ў адносінах падтрымкі дэмсілаў”.

Іншае, што на думку эксперта шмат чаго можа змяніць — гэта змяншэнне падтрымкі Украіны.

“Гэта вельмі сур’ёзна будзе ўплываць на сітуацыю ў рэгіёне. Будзе ўскосны ўплыў [на Беларусь], якія сёння цяжка пралічыць”. 

Змена Джо Байдэна на Камалу Харыс — гэта добрая навіна для Беларусі. Такую думку выказала паліталагіня і кандыдатка гістарычных навук Роза Турарбекава.

“Калі б Байдэн застаўся ў прэзідэнцкай гонцы, то яго шансы на перамогу былі б вельмі невысокімі. Гэта паказалі якраз дэбаты з Дональдам Трампам. Цяпер шанцы [на перамогу] у Дэмакратычнай партыі аднаўляюцца — гэта бачна па колькасці ахвяраванняў у выбарчы фонд, Дэмакратычная партыя вельмі добра адгукнулася. Гэта даўняя амерыканская палітычная традыцыя. Той кандыдат, хто болей збярэ грошай, той, як правіла, і становіцца прэзідэнтам, за малымі выключэннямі”.

Экспертка лічыць, што захаванне курса дэмакратычнай адміністрацыі будзе азначаць захаванне падтрымкі беларускіх дэмсіл і працягванне стратэгічнага дыялогу паміж дзвюма краінамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі