Трамп: "Сі і Пуцін — мудрыя, цвёрдыя і любяць свае краіны"
Дональд Трамп падчас свайго выступу ў Мічыгане
У суботу 20 ліпеня кандыдат у прэзідэнты ЗША Дональд Трамп упершыню з'явіўся на публіцы ў штаце Мічыган пасля нядаўняга замаху на яго ў Пенсільваніі. І адразу зрабіў гучныя заявы наконт лідараў Расіі і Кітая, піша Gazeta Wyborcza.
"Пуцін і Сі — разумныя і жорсткія, кожны з іх любіць сваю краіну, жадае ёй дабра, якая б ідэалогія за гэтым ні стаяла. Нам патрэбны нехта, хто нас абароніць", — сказаў кандыдат ад рэспубліканскай партыі.
Паводле яго слоў, пасля замаху ён атрымаў мілы ліст ад Сі Цзіньпіня. І нагадаў, што ў мінулым называў Сі "бліскучым чалавекам, які кіруе 1,4 мільярда чалавек жалезнай рукой". Трап дадаў, што кітайскі лідар прымушае такіх людзей, як цяперашні прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, выглядаць "немаўлятамі".
Па словах Трампа, у яго выдатныя адносіны як з вышэйзгаданымі лідарамі, так і з кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам.
"У Кіма шмат ядзернай зброі, і я цудоўна з ім стасуююся, так што вы будзеце ў бяспецы са мной у якасці прэзідэнта", — запэўніў ён выбарцаў.
Як адзначае New York Times, у сваім выступе Трапм граў ролю ледзьве не пакутніка, які спрабуе выратаваць Амерыку ад краху.
"Яны працягваюць паўтараць: "Ён уяўляе сабой пагрозу дэмакратыі". Што, чорт вазьмі, я зрабіў з дэмакратыяй? Я атрымаў за яе кулю на мінулым тыдні!" — сказаў Трапм, большая частка выступу якога была ўсё ж прысвечана "дурному Байдэну".
Замах на Дональда Трампа здарыўся 14 ліпеня падчас сустрэчы з выбарцамі ў штаце Пенсільванія. Палітык быў лёгка паранены ў вуха. Нападнік — забіты на месцы. Выбары ў ЗША пройдуць у лістападзе. Сцпернікам Трампа з'яўляецца цяперашні прэзідэнт Джо Байдэн.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.