Дзяржпрапаганда ў сваім новым фэйку не адрознівае падання каштанаў ад стрэлаў
"Абстралялі гумовымі кулямі", вы ўяўляеце! / калаж Еўрарадыё
Беларуская дзяржпрапаганда чарговы раз выдала нязграбны фэйк. "21 верасня ў Варшаве супрацоўнікі "Беларускага дома" [ініцыятыва беларусаў у Варшаве] Ціханоўскай абстралялі гумовымі кулямі беларусаў-рэзідэнтаў Польшчы", — піша "гарачую навіну" праўладны тг-паблік.
Зразумела, усё было абсалютна не так, як гэта перакруцілі прапагандысты. І наогул незразумела, пры чым Святлана Ціханоўская да "Беларускага дома" і... падання каштанаў у Польшчы.
Каштанамі па брамцы
21 верасня прыхільнік Мікалая Статкевіча актывіст Віктар Бугаеў разам з таварышамі прыйшоў да будынка "Беларускага дома" ў Варшаве, каб падаць у ініцыятыву запыт аб тым, "ці было нейкае фінансаванне пад "Народную Грамаду" (партыю Статкевіча).
Крыху пазней на вуліцы паміж "домаўцамі" і "грамадоўцамі" разгарэўся слоўны канфлікт. Падчас яго сталі даносіцца гукі звонкіх удараў аб агароджу і дах будынка. Пры гэтым адна з актывістак, якія прыйшлі, пытаецца на камеру: "Чаму я стаю на брамцы і падвяргаюся абстрэлу каштанам?" — намякаючы пры гэтым, каб у яе хутчэй прынялі запыт.
Здавалася б, рэпліка дзяўчыны выразна чуваць на відэа і тут усё цалкам відавочна. Але гэта не перашкодзіла дзяржпрапагандзе высмактаць з пальца жаўтушны пост пра абстрэл гумовымі кулямі і запусціць яго ў масы.
— Мы там знаходзіліся хвілін пятнаццаць, стаялі пад каштанам, — расказвае Еўрарадыё актывіст Віктар Бугаеў. — А з каштана падаюць плады. І атрымліваецца так, што яны як быццам "страляюць" зверху. Я хачу канкрэтна заявіць, што ў нас ніхто не страляў. І каштанамі ў нас ніхто не кідаў. Нічога такога зусім не было.
Прыйшлі зарэгістраваць зварот
Прычынай канфлікту, па словах Віктара Бугаева, стала тое, што валанцёры "Беларускага дома" адмовіліся прымаць запыт ад актывістаў "Народнай Грамады". У заяве беларусы, якія прыйшлі, хацелі атрымаць адказ: ці вылучалася нейкая фінансавая дапамога з боку "Дома". Напрыклад, для палітвязняў партыі Статкевіча.
— Мы хацелі выпрабаваць сістэму зваротаў, як тут працуюць фонды з людзьмі, — кажа Бугаеў. — Я разам з калегамі з такімі ж пытаннямі наведваў таксама ЦБС ["Цэнтр беларускай салідарнасці", які працуе ў Польшчы] і "Моладзевы хаб". І вось цяпер — "Беларускі дом". У двух выпадках, калі я звяртаўся ў "Хаб" і "Дом", у дачыненні да мяне супрацоўнікі гэтых арганізацый ужывалі фізічную сілу. Не хацелі прымаць мае звароты, рэгістраваць іх і даваць адказы нашай арганізацыі.
Каб расставіць усе кропкі над i ў здарэнні, Еўрарадыё таксама накіравала запыт у "Беларускі дом" у Варшаве.
Дарэчы, Віктар Бугаеў, які канфліктаваў каля "Беларускага дома", вядомы іншым неардынарным учынкам. Калі Святлана Ціханоўская ў сакавіку 2022 года выступала на мітынгу ў Варшаве, Віктар суправаджаў яе прамову крыкамі "Ганьба!". Тады да яго таксама ўжылі гвалт.
Еўрарадыё пацікавілася ў актывіста: навошта было крычаць на мітынгу на адрас Ціханоўскай?
— Гэта быў пратэст. Святлана Ціханоўская стварыла такую сістэму, як і пры Лукашэнку, што немагчыма дастукацца да першай асобы і іншых службовых асоб з нейкімі пытаннямі. Няма адкрытасці, — наракае Віктар Бугаеў.
Нам стала цікава, якія пытанні беларуса нібыта ігнаруе ўрад у выгнанні? Аказваецца, што мужчына не звяртаўся афіцыйна ні ў Офіс, ні непасрэдна да Святланы Ціханоўскай.
— Скажу так: я не звяртаўся таму, што бачыў водгукі [іншых людзей] і што гэта бескарысная справа — звяртацца. Усё адно там табе ніхто не адкажа, — стаіць на сваім актывіст.
Віктар Бугаеў раней быў сябрам партыі АГП Анатоля Лябедзькі. У 2017 годзе, па яго словах, ён быў вымушаны выехаць з Беларусі і падацца на ўцякацтва ў Швецыю. Адтуль мужчыну хацелі дэпартаваць. У выніку Віктару ўдалося атрымаць статус уцекача ў Польшчы, дзе ён атрымлівае фінансавую дапамогу ад дзяржавы і перабіваецца падпрацоўкамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.