Эканамічны суд Мінска адхіліў апеляцыю TUT.by і пазбавіў яго статусу СМІ
19 студзеня Эканамічны суд Мінска разгледзеў апеляцыю ТАА "ТУТБАЙ Медыя" на судовае рашэнне, якое пазбаўляла партал TUT.by статусу СМІ. Суд не знайшоў падставаў для адмены ўласнага рашэння.
Як піша TUT.by, з 19 студзеня 2021 года гэтая пастанова афіцыйна набывае моц і партал пазбаўляецца статусу СМІ.
У другой палове 2020 года TUT.by атрымаў чатыры папярэджанні ад Мінінфармацыі за свае артыкулы. Рэдакцыя абскарджвала іх у Вярхоўным судзе, і адно з папярэджанняў было прызнанае несапраўдным.
Аднак і тых, што засталіся, было дастаткова, каб пазбавіць партал статусу СМІ: беларускія законы дапускаюць такую магчымасць за два і больш пісьмовыя папярэджанні, вынесеныя на працягу года.
Паводле пазову Мінінфармацыі 3 снежня Эканамічны суд Мінска вырашыў пазбавіць TUT.by статусу СМІ. Рэдакцыя абскарджвала гэтае рашэнне, але безвынікова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.