Экс-дырэктар "Лакаматыва" — пра размову з Баскавым і ад'езд з Беларусі

Яўген Мазура / фота з асабістага архіва
Яўген Мазура / фота з асабістага архіва

Днямі Яўген Мазура, экс-дырэктар хакейнай каманды "Лакаматыў", не без здзіўлення выявіў, што ягоная размова з экс-кіраўніком Федэрацыі хакея Дзмітрыем Баскавым запісвалася. Аўдыязапіс гэтай размовы быў апублікаваны ў сеціве.

І хоць імя суразмоўніка Баскава не называлася, інтэрнэт-карыстальнікі досыць лёгка вылічылі ў ім Яўгена Мазуры. Яўген у гутарцы з карэспандэнтам Еўрарадыё пацвердзіў: неназваны "хакейны спецыяліст" з аўдыязапісу на самай справе ён.

Размова адбылася ў мінулым верасні. Тады Мазура яшчэ выконваў абавязкі дырэктара "Лакаматыва". Цяпер ён знаходзіцца за мяжой, а ў Беларусі супраць яго распачалі крымінальную справу.

 

"Заедзь, пагаворым"

А ў канцы жніўня Мазура далучыўся да спартсменаў, якія падпісалі ліст да ўлады з патрабаваннем спыніць гвалт. Неўзабаве яму патэлефанаваў Баскаў.

— Гэтая размова адбылася ў пачатку верасня 2020 года на "Мінск-Арэне" ў кабінеце Баскава. Ён тады патэлефанаваў, я якраз быў у Мінску. Сказаў: заедзь, пагаворым на прадмет падзей, якія ў нас у краіне адбываюцца.

Мы размаўлялі з ім і да гэтага па працы, і размаўлялі нядрэнна. Напэўна, таму гэта размова адбылася.

Экс-директор “Локомотива” — о разговоре с Басковым и отъезде из Беларуси
Яўген Мазура і Дзмітрый Баскаў / фота з архіва Яўгена Мазуры

Напрыклад, яшчэ ў красавіку 2020 года Баскаў — тады яшчэ кіраўнік Федэрацыі хакея — прапаноўваў узнагароджваць найлепшых кіраўнікоў клубаў. "Яўгена Мазуру з аршанскага "Лакаматыва" ён называў адным з годных кандыдатаў.

На аудыа, апублікаваным у сеціве, Баскаў раз за разам пытаецца ў Мазуры, навошта той палез у палітыку. Мазура раз за разам тлумачыць: ад палітыкі ён заўсёды быў далёкі, але праігнараваць падзеі 9–11 жніўня не мог, "закон павінен працаваць для ўсіх".

— У той Беларусі, у якой я хачу жыць, ніхто не мае права збіваць, калечыць. Я забіраў людзей з Жодзіна, падвозіў ваду ў валанцёрскія лагеры. Тое, што я ўбачыў, ніводзін чалавек з цвярозым розумам не змог бы ўспрыняць як норму.

У той дзень, калі Мазура размаўляў з Баскавым у яго кабінеце, ён ужо меркаваў, што страціць працу. Што справа дойдзе да ад'езду, таксама меркаваў, хоць сур'ёзна гэтую магчымасць тады не разглядаў. У кастрычніку ён пакінуў сваю пасаду.

— Мяне "сышлі". Пачаўся ціск, праверкі наведвання рабочага месца, праверка таго, што я раблю на гэтым рабочым месцы. Пачалі ствараць адкрыта складаныя ўмовы працы. Потым адбылася размова з начальнікам аддзела, калі мне адкрытым тэкстам сказалі: працаваць не дадуць. Я прыняў рашэнне: мне не хочацца матаць сабе нервы, звальняюся па пагадненні бакоў.

Калі я прымаў рашэнне перайсці на бок пратэсту, я разумеў, што будзе забарона на прафесію, што я не змагу працаваць у прынцыпе ў Беларусі. Але свой выбар я зрабіў.

Маё асяроддзе прыняло гэта рашэнне. Сярод сяброў "ябацек" у мяне няма, усе адэкватна адрэагавалі. Бацькі хваляваліся, яны таксама разумелі, што я страчу магчымасць працаваць у Беларусі.

Экс-директор “Локомотива” — о разговоре с Басковым и отъезде из Беларуси
Яўген Мазура

"Грошай у хакеі даўно няма, не ведаю, за што хлопцы трымаюцца"

На апублікаваным аўдыязапісе чуваць, як Баскаў тлумачыць Мазуру, маўляў, "хакей — гэта бацька".

У хакеі супраць дзейнай улады папраўдзе адкрыта выступіла ўсяго некалькі чалавек. Сярод іх, акрамя самога Мазуры, быў галоўны трэнер юнацкай зборнай Аляксандр Румо.

Мазура кажа, што ідэалістам не быў ніколі і думаў: многія прамаўчаць.

— Як адрэагавалі калегі і каманда? Развіталіся. Людзі разумелі, што страцяць працу, не змогуць працягваць займацца любімай справай, так што адкрытай падтрымкі не было. Я думаў, што ў людзях больш сілы — не толькі фізічнай, але і духоўнай.

Калі мы пытаемся ў Яўгена, чаму не шмат якія хакеісты выступілі супраць дзейнай улады, ён задае пытанні ў адказ: а чаму не выступілі футбалісты, настаўнікі, рабочыя?

Экс-директор “Локомотива” — о разговоре с Басковым и отъезде из Беларуси
Інтэрв'ю з Яўгенам Мазурам выходзіла ў раённым выданні "Край Смалявіцкі". Мазура тады быў дырэктарам мінскага абласнога клуба "Вікторыя"

— Не кожны здольны своечасова зразумець, што такое добра і што такое дрэнна. А многія з тых, хто разумее, баяцца выцягнуць сябе з зоны камфорту. Перыяд выспявання ва ўсіх адбываецца па-рознаму. Хтосьці хутка прымае рашэнні, у кагосьці незадаволенасць назапашваецца доўга.

— Ці проста ў хакеі так шмат грошай, што іх не хочацца губляць?

— З кожным годам у хакеі ўсё менш грошай. Так, трэнеры зарабляюць крыху больш, чым у сярэднім па краіне. Але гаварыць пра нейкія касмічныя заробкі ўжо даўно не даводзіцца. Ужо даўно ёсць абмежаванні па заработных платах гульцоў і трэнераў. Сярэдні заробак хакеіста ў Беларусі — тры тысячы рублёў. А хакей траўматычны від спорту. Калі мне кажуць, што хакеісты шмат зарабляюць, я кажу: выйдзі на лёд і злаві целам шайбу.

Я не ведаю, за што хлопцы трымаюцца. Магчыма, гэта проста звычка.

Апублікаваны ў сеціве запіс — гэта апошняя асабістая размова Мазуры з Баскавым. Пасля яны размаўлялі толькі дыстанцыйна — у агульным чаце спартсменаў. Пасля гэтай размовы Баскаў выдаліўся з чата і больш з Мазурам не размаўляў.
 

"У Беларусі застаўся сын"

У 2020 годзе на стваральніка клуба і яго экс-дырэктара завялі крымінальную справу. Раптам высветлілася, што ў 2018 годзе ён заказаў форму для каманды па завышанай цане.

Тады, у 2018 годзе, пачатак гісторыі "Лакаматыва" супаў з візітам у Оршу Аляксандра Лукашэнкі. Як пазней расказваў сам Мазура, мясцовыя чыноўнікі хацелі, каб толькі што створаная каманда выглядала не горш, чым іншыя ўдзельнікі чэмпіянату. Давялося тэрмінова заказваць форму.

Часу праводзіць тэндар не было, выбіралі з трох буйных пастаўшчыкоў, якія прадавалі форму для іншых камандаў. З гэтых трох варыянтаў выбралі самы танны. А праз два гады — ужо пасля таго, як Мазура адкрыта выступіў супраць дзейнай улады, — знайшлася фірма, якая заявіла, што магла б тады аказаць свае паслугі танней.

Прадстаўнік фірмы адправіўся з гэтай інфармацыяй у ДФР. На Мазуру завялі крымінальную справу.

Цяпер Яўген жыве ў адной з еўрапейскіх краін. Кажа, што "займаецца рознымі справамі". Ні з хакеем, ні са спортам у цэлым яны не звязаныя.

Экс-директор “Локомотива” — о разговоре с Басковым и отъезде из Беларуси
Яўген Мазура

— На жыццё досыць, — кажа Яўген. — Літаральна ўчора запісаўся ў другую тэнісную лігу, паспрабую ў тэніс пагуляць. Але гэта, хутчэй, для падтрымання фізічнай формы.

Калі б быў цікавы праект, якому я мог бы прынесці карысць, я б з задавальненнем вярнуўся ў Беларусь. Але цяпер, на жаль, не ведаю, наколькі гэта магчыма. У Беларусі ў мяне застаўся сын, з якім я не магу бачыцца.

 

"Я сваёй працай гарэў"

Мазура ствараў "Лакаматыў" з нуля. Кажа, што не любіць хваліцца, але прызнае: за некалькі гадоў удалося стварыць моцны клуб. Каманда запускала пэўныя трэнды, "Лакаматыў" адным з першых пачаў сістэмную працу з заўзятарамі.

— Быў час, калі нашы гульні былі самымі наведвальнымі, — прызнае Мазура. — Так, я сваёй працай гарэў.

Не падаць духам, спрабуючы выжываць у чужой краіне, не маючы магчымасці працаваць па спецыяльнасці, не асабліва проста, кажа Мазура. За беларускім хакеем ён працягвае назіраць збоку, дыягнастуе "планамерны рэгрэс".

— Тое, што спартсмены маўчаць, — не значыць, што яны нічога не ведаюць, што не чытаюць каментароў пра сябе. А гэта ўсё адбіваецца на псіхаэмацыйным фоне. Гэта і прыводзіць да паражэнняў ад Польшчы.

Эмоцыі — не адзіная праблема беларускага хакея. Краіна ідзе па шляху натуралізацыі: гэта значыць не вырошчвае сваіх спартсменаў, а купляе легіянераў, тлумачыць Мазура.

— Шлях раздачы пашпартоў — тупіковы шлях. Такім шляхам ідуць беларусы і казахі. Ніколі канадзец з беларускім пашпартам не будзе выкладвацца за Беларусь. Адсюль і вынікі. Гэта шлях у нікуды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі