Экспарт у Расію ўпаў, ІПэшнікі выжылі з сертыфікатамі, на амністыі зарабілі

З 1 студзеня 2014 года з беларусаў пачалі браць грошы за права выехаць на сваім аўтамабілі на дарогі краіны – так званы транспартны падатак. У бюджэце на 2014 год загадзя была прапісаная сума ў 1,6 трыльёна рублёў. Выглядае на тое, што запланаванае выканалі. Куды пайшлі грошы?


"Сумы дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, якія паступаюць, накіроўваюцца ў даход рэспубліканскага бюджэту — 50%, у даходы кансалідаваных бюджэтаў абласцей і Мінска — 50%", — тлумачаць Еўрарадыё ў міністэрстве фінансаў.


Але ж гэта не адказ на пытанне, бо цягам года неяк незаўважна было, каб дарогі значна палепшыліся…


Шмат было сказана пра Мытны ды Еўразійскі саюзы, адзіную эканамічную прастору, павялічэнне аб’ёмаў гандлю ў межах гэтай “прасторы”. І што, разлятаюцца, як гарачыя піражкі, нашы тэлевізары, лядоўні ды трактары па Мытнай прасторы?


“Мы бачым, што ў 2014 годзе экспарт у Расіі знізіўся на 5%, -- заўважае эканаміст Яраслаў Раманчук. – Імпарт таксама пайшоў уніз. Так што фармальна дакументы падпісваюцца, а тое, што адбываецца ў рэальным сектары эканомікі, – гэта зусім іншая гульня. Якасць дакументаў выклікае шмат пытанняў, і яна не дазваляе казаць, што ў 2015 годзе нешта зменіцца”. 


Пачалі чыноўнікі сёлета патрабаваць ад прадпрымальнікаў сертыфікаты якасці на прамысловыя тавары, якімі яны гандлююць. Прадпрымальнікі, як маглі, супраціўляліся гэтаму новаўвядзенню, сцвярджалі, што гэта заб’е іх бізнес. Забілі сертыфікаты бізнес, цікавімся ў старшыні грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі. Той прапаноўвае самім прайсціся на гандлёвых цэнтрах. Пажадана – у рэгіёнах.


Анатоль Шумчанка: “Вы ўбачыце напалову пустыя выставы ў Мінску і ў гандлёвых цэнтрах у рэгіёнах. І гэта кажа пра тое, што прадпрымальнікі на самой справе скарачаюць свой бізнес. Для прыкладу: у каго было 3-4 гандлёвыя месцы, той цяпер пакінуў толькі адно – самае рэнтабельнае. Аб’ёмы гандлю скараціліся ў два-тры разы”.


Але можа, як і планавалася чыноўнікамі, на паліцах у прадпрымальнікаў стала менш кантрафакту і падробак, стала больш якасных тавараў?


“Пра гэта можна было б казаць, калі б нашы расійскія партнёры, у якіх нашы прадпрымальнікі ў асноўным закупаюцца, працавалі паводле закона і выконвалі патрабаванні рэгламенту Мытнага саюза, -- кажа Шумчанка. – А яны іх не выконваюць і выконваць не збіраюцца, а большасць сертыфікатаў у Расіі – фальшывыя”.


У чым яшчэ мы сталі жыць “па-новаму”? Беларусаў абавязалі мець рэцэпт на лекі. Асабліва ўразіліся гэтаму тыя, хто не можа адразу набыць увесь курс лекаў і бярэ палову – па другую трэба ісці з новым рэцэптам. Праўда, прызнаюцца ў адной з мінскіх аптэк, яны знайшлі выйсце з гэтай сітуацыі.


Аптэка: “Калі гэта пачатак месяца, то мы рэцэпт не закрываем да таго, пакуль у пакупніка не з’явяцца “грошыкі”, – проста адкладаем у асобны стос сваіх “даўжнікоў”. Яны потым прыходзяць, называюць прозвішча, і мы іх далей абслугоўваем”.


Былы віцэ-прэм’ер іскрамётны Анатоль Тозік прапанаваў выключаць з дзіцячых садкоў прагульшчыкаў. Не выхавацелек, а дзяцей, якія без абгрунтавання прапускаюць свой працоўны дзень знаходжання ў садку. Праўда, у выніку выключылі са спісу ўрада самога Тозіка. На дзетак паглядзім у наступным.

Так, яшчэ сёлета паводле закона “Аб амністыі” на свабоду выйшлі 2 027 зняволеных, і дзякуючы амністыі зняволеныя кампенсавалі нанесеныя дзяржаве страты ў памеры 10,2 мільярды рублёў. 


А чым вам запомніўся 2014 год?

Фота: finatica.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі