Эксперт: Дзяржава павінна стымуляваць выкарыстанне беларускіх назваў

Сёння Беларусь, Расія і Казахстан маюць уласныя сістэмы аховы таварных знакаў. Розняцца і тэрміны іх рэгістрацыі. Так, у Беларусі гэта ад трох з паловаю да чатырох год. У Казахстане ж таварны знак можна зарэгістраваць за паўгады. Ці спатрэбіцца рэгістраваць гандлёвы знак у кожнай з трох краінаў, гаворыць кіраўнік Цэнтра стратэгічнага развіцця “Маркетынгавых сістэмаў” Анатоль Аканцінаў.

111207 Akancinau s.mp3

Еўрарадыё: Што абазначае ўведзенне адзінага механізму рэгістрацыі гандлёвых знакаў у Мытным саюзе? Ці трэба будзе праходзіць пэўную перарэгістрацыю гандлёвых знакаў у Беларусі?

Аканцінаў: Не. Тыя “правілы гульні”, якія існавалі дагэтуль, застануцца. Кожны на сваёй тэрыторыі будзе ўладальнікам сваёй таварнай маркі. Паўстае толькі пытанне, што адбываецца ў выпадку існавання свабоднай эканамічнай зоны, калі той жа знак зарэгістраваны ў абедзвюх краінах. У такім выпадку патрэбныя ўзгодненыя дзеянні і парадкі. Патрэбны нейкі цэнтральны орган, які будзе ўпарадкоўваць функцыянаванне гандлёвых знакаў.

Праблем з гэтым шмат. Праблемы такія ёсць і ў Еўрапейскім саюзе. Але можна сказаць, што існуюць ужо адпаведныя прынцыпы, паводле якіх вызначаецца месца знаходжання пэўнай таварнай маркі – яны будуць выконвацца. Калі ж казахскі ці расійскі бізнэс будуць пранікаць на тэрыторыю Беларусі або наадварот – гэта можа спарадзіць пэўныя новыя падыходы да праблемы.

Еўрарадыё: А ці падштурхне гэта беларускіх вытворцаў называць сваю прадукцыю па-беларуску? Гэта было б гарантыяй таго, што такой назвы не будзе ў казахаў, у расейцаў…

Аканцінаў: Вы закранулі прыкрае пытанне. Яны наогул павінны часцей выкарыстоўваць беларускія назвы. Гэта пытанне яшчэ і палітычнае, бо выкарыстанне беларускіх назваў павінна ствараць пэўную унікальнасць Беларусі. Трэба, каб нас ведалі і пазнавалі. Таму дзяржава павінна стымуляваць выкарыстанне беларускіх назваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі