Эксперт: Масква забараніла ўвоз мяса з Беларусі праз рээкспарт

Маскоўскі палітолаг Кірыл Коктыш мяркуе, што, абмяжоўваючы пастаўкі беларускай сельгаспрадукцыі, Расія спрабуе ўтаймаваць заходнюю суседку, якая вырашыла зарабіць на санкцыях.

Коктыш: “Гэта відавочна. У Маскве адкрыта заяўляюць — Расія не задаволеная рээкспартам з Беларусі. Незадаволеная тым, што Беларусь становіцца перавалачным пунктам для рээкспарту з тых краін, у дачыненні да якіх Крэмль увёў санкцыі”.

Нагадаем, 26 лістапада Маскву наведала беларуская дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам. Ён правёў перамовы з расійскім віцэ-прэм'ерам Аркадзем Дварковічам. Гаворка ішла пра пастаўкі ў Расію беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі. Расія нядаўна ўвяла часовую забарону на пастаўкі прадукцыі прыблізна 20 беларускіх малака- і мясакамбінатаў, а таксама на транзіт праз Беларусь у Казахстан тавараў з краін Еўрасаюза, што трапляюць пад расійскія санкцыі.

У чацвер, 27 лістапада, пра расійскае абмежаванне на пастаўкі мяса з Беларусі даволі жорстка выказаўся кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка. “Мяне сёння паводзіны расійскіх уладаў не проста здзіўляюць, а гнятуць… Калі ў бліжэйшы час не будзе нармалізаваны гандаль паміж дзвюма краінамі, мы вымушаны будзем рэагаваць. Што гэта за паводзіны такія?!” — заявіў Лукашэнка. Больш падрабязна яго выказванні гл. тут.

Аднак Кірыл Коктыш мяркуе, што да паўнавартаснай гандлёвай вайны паміж удзельнікамі Мытнага саюза не дойдзе.

Коктыш: “Мне здаецца, размова ідзе аб тым, каб даць зразумець. Не каб сварыцца, не каб уводзіць рэпрэсіі, а каб паказаць, зафіксаваць пазіцыю Масквы. Яна гэтым не задаволеная і раіць працаваць па тых правілах, якія былі зацверджаныя раней. Паўнавартаснай канфрантацыі не варта чакаць”.

Нагадаем, што забарону на экспарт шэрагу прадуктаў харчавання, у тым ліку і на мясныя вырабы, з краін Еўрасаюза, ЗША, Канады, Нарвегіі і Аўстраліі, Расія ўвяла на пачатку жніўня 2014-га. Гэта павінна было стаць адказам на эканамічныя санкцыі Захада супраць Крамля за яго палітыку ў дачыненні да Украіны. У выніку ўжо ўвосень экспарт некаторых прадуктаў харчавання з Беларусі ў Расію вырас шматкроць. Гэта дало падставы Крамлю абвінавачваць Мінск у рээкспарце харчавання з краін Еўрасаюза.

Фота — ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі