Эксперт пра місію МАГАТЭ на БелАЭС: Гэта турпаездка, яны не спыняць будаўніцтва

Эксперт пра місію МАГАТЭ на БелАЭС: Гэта турпаездка, яны не спыняць будаўніцтва

16 студзеня ў Беларусь прыехала SEED-місія МАГАТЭ, яе эксперты правядуць інспекцыю будаўніцтва Астравецкай АЭС і складуць справаздачу. Тэкст дакумента з'явіцца не раней за сакавік. Звычайна на падрыхтоўку падобных справаздач трэба ад 3 да 6 месяцаў.

Расійскі фізік-ядзершчык, эксперт у галіне атамнай энергетыкі Андрэй Ажароўскі у размове з Еўрарадыё патлумачыў, чаму ад місіі МАГАТЭ не варта чакаць спынення будаўніцтва БелАЭС.

"Трэба патлумачыць, што МАГАТЭ не з'яўляецца незалежнай арганізацыяй. У статуце МАГАТЭ, у другім пункце гаворыцца, што мэта арганізацыі ― прапаганда выкарыстання атамнай энэргіі... Таму натуральна чакаць, што вялікіх парушэнняў місія МАГАТЭ ў будаўніцтве Беларускай АЭС не заўважыць. Таксама як гэтая шаноўная арганізацыя не бачыла праблем у функцыянаванні Чарнобыльскай атамнай станцыі да 1986 года. І не заўважала недахопаў у праекце Фукусімы да 2011 года. МАГАТЭ на вопыце даказала сваю ангажаванасць. Таму я б не стаў звяртаць увагі ні на саму місію, ні на тое, што яны ў выніку напішуць. Гэта турпаездка", ― кажа Ажароўскі.

Эксперт таксама дадае, што, хутчэй за ўсё, справаздача будзе ўтрымліваць парады для беларускіх уладаў, аднак яны не закрануць крытычных момантаў.

"Такога, каб МАГАТЭ забараніла праект патэнцыйна небяспечнай станцыі, не было ніколі. І я вам ужо прыводзіў выдатны прыклад ― Чарнобыль. Але МАГАТЭ хацела б выступаць як экспертная арганізацыя. Таму вельмі часта яны знаходзяць дзясяткі дастаткова дробных, хоць і важных для бяспекі, але дробных парушэнняў. Не карэнных праблем. Яны просяць іх выправіць, і іх выпраўляюць. Такое ўжо было на расійскіх АЭС, будзе, хутчэй за ўсё, і на Астравецкай. На галоўнае яны ўвагу не звяртаюць", ― мяркуе эксперт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі