Эксперт: Тэракт у метро Санкт-Пецярбурга ― паражэнне расійскіх спецслужб

Эксперт: Тэракт у метро Санкт-Пецярбурга ― паражэнне расійскіх спецслужб

Тэракт у метро ў Санкт-Пецярбурга ― паражэнне расійскіх спецслужб. Такое меркаванне ў каментары Еўрарадыё выказаў эксперт польскага цэнтра даследавання тэрарызму Collegium Civitas Кшыштаф Ледэль. Паводле яго слоў, 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу адбыўся класічны тэракт. За ім, верагодна, стаіць групоўка, звязаная з сусветным джыхадам і ў шэрагах якой змагаюцца баевікі, у тым ліку, і з Чачні. Пры гэтым, кажа эксперт, не варта выключаць такога варыянту, што выбух мог здзейсніць адзін чалавек. Аднак падчас планавання тэракту яму нехта мусіў дапамагаць. Магчыма, гэта не была вялікая групоўка, а ўсяго некалькі радыкальна настроеных людзей, мяркуе Ледэль.

Спекуляцыі на тэму, што за гэтым тэрактам можа стаяць і Украіна, хутчэй, разлічаныя на ўнутраны рынак, кажа польскі эксперт. Бо калі б украінцы рашыліся на радыкальны крок, то ён быў бы скіраваны на якую-небудзь асобу (вайскоўца ці палітыка), а не на грамадзянскае насельніцтва.

“Тое, што навідавоку ― гэта ганебнае паражэнне расійскіх спецслужб, бо візіт галоўнага палітыка краіны, у дадзеным выпадку ― адразу дзвюх краін, заўсёды звязаны з узмацненнем аховы, а таксама з выкарыстаннем сродкаў бяспекі. І, нягледзячы на гэта, тэрарыстам удалося здзейсніць тэракт. Думаю, тэрарысты выбралі час візіту Пуціна ў Санкт-Пецярбург, каб выкарыстаць гэта і ў мэтах прапаганды”, — сказаў Кшыштаф Ледэль.

У метро немагчыма забяспечыць бяспеку на 100%, дадае эксперт. Адным з галоўных метадаў абароны ад падобных сітуацый з’яўляецца так званая “антытэрарыстычная адукацыя”, калі кожны чалавек можа заўважыць патэнцыйную пагрозу і звярнуцца ў службы бяспекі.

Падчас тэракту ў метро загінулі 14 чалавек, дзясяткі былі параненыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі