Электрамабілі вызваленыя ад транспартнага падатку да канца 2025 года
Да канца 2025 года ўладальнікі электрамабіляў вызваленыя ад транспартнага падатку. Пра гэта піша "СБ. Беларусь сегодня" са словаў начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэя Кавалеўскага.
Таксама транспартны падатак не трэба будзе плаціць за аўтамабілі, выпушчаныя ў 1991-м і раней. "Акрамя таго, транспартным падаткам не абкладаюцца транспартныя сродкі, абсталяваныя для выкарыстання інвалідамі. Яшчэ адна катэгорыя — транспартныя сродкі, знятыя з уліку да 1 ліпеня 2021 года", — удакладніў чыноўнік.
Кавалеўскі паведаміў, што ў Падатковым кодэксе прадугледжаныя ільготы, калі стаўка транспартнага падатку паніжаецца.
"Першы выпадак — калі транспартны сродак зарэгістраваны за інвалідам 1-й або 2-й групы, ветэранам ВАВ, асобай, якая дасягнула пенсійнага ўзросту. У гэтым выпадку стаўка падатку змяншаецца на 50%. Але пры адной важнай умове: у такой фізічнай асобы павінна быць дзейнае пасведчанне кіроўцы адпаведнай катэгорыі. Для інвалідаў 3-й групы таксама прадугледжана паніжэнне стаўкі на 25%, але пры ўмове наяўнасці ў яго дзейнага пасведчання кіроўцы адпаведнай катэгорыі", — растлумачыў ён.
Аплачваць транспартны падатак трэба будзе да 15 лістапада, наступнага за справаздачным. Гэта значыць, транспартны падатак за 2021 год трэба аплаціць да 15 лістапада 2022 года на падставе паведамлення, якое падаткавікі дашлюць да 1 верасня 2022 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.