Елісееў: Лукашэнка здатны ўчыніць правакацыю на мяжы Літвы, Польшчы ці Украіны

Елісееў: Лукашэнка здатны ўчыніць правакацыю на мяжы Літвы, Польшчы ці Украіны

Атачэнне Святланы Ціханоўскай недаацэньвае Аляксандра Лукашэнку і мала працуе з чынавенскай вертыкаллю. Такое меркаванне выказаў у Фэйсбуку дырэктар па даследаваннях цэнтра EAST эксперт iSANS Андрэй Елісееў.

Нагодай для яго паста стала сённяшняя заява Ціханоўскай са стратэгіяй перамогі. Сярод іншага Ціханоўская заявіла: "Мы ўсе пераацанілі рацыянальнасць Лукашэнкі".

На думку Елісеева, Лукашэнка дзейнічае цалкам рацыянальна, але ў іншай катэгорыі каштоўнасцяў, чым многія ўдзельнікі палітычнага працэсу.

"Ён цалкам свядома — і рацыянальна — даў сігнал пра жорсткае задушэнне пратэстаў практычна ўсімі сілавымі ведамствамі, а таксама залучыў у гэты працэс і мясцовыя ўлады (выканкамы) праз стварэнне мясцовых "штабоў", каб максімальна запэцкаць іх усіх крывёю і абрэзаць дарогу да адступлення.

Ён таксама залучыў кожную мясцовую адміністрацыю, кожны раённы і гарадскі выканкам у электаральныя махінацыі — менавіта так працуе выбарчая сістэма ў Беларусі. Ён выдатна адыграў крамлёўскую карту, выкарыстаўшы Крэмль як своеасаблівы загараджальны атрад за беларускімі сілавікамі (маўляў, будзеце дзівачыць ці не выконваць загады, Пуцін дапаможа і вам не паздаровіцца)", — піша аналітык.

Таксама Елісееў згадвае, як Лукашэнка рэпрэсаваў або выціснуў за мяжу чальцоў Каардынацыйнай рады, пакінуўшы пратэсты ўвосень 2020-га без аўтарытэтных лідараў у краіне.

Усе дзеянні Лукашэнкі, на думку аналітыка, рацыянальна тлумачацца жаданнем захаваць асабістую ўладу і гарантаваць лаяльнасць Крамля. Елісееў мяркуе, што дзеля гэтага Лукашэнка здольны пайсці на самыя крайнія крокі.

"Лукашэнка не думае і ніколі не думаў у катэгорыях грамадскай выгады. Калі для захавання ўлады трэба зрабіць беларусаў удвая бяднейшымі, каб узмацніць кантроль дзяржавы і разбіць супраціў, ён гэта зробіць (ужо робіць). Калі для падаўжэння свайго кіравання трэба раздзьмуць грамадзянскую вайну ці як мінімум крайнюю непрыязнасць па палітычнай прыкмеце ў грамадстве, ён гэта зробіць (ужо робіць). Калі спатрэбіцца, ён нават вайсковую правакацыю на межах Літвы, Польшчы ці Украіны арганізуе", — мяркуе ён.

Эксперт лічыць, што ўлада Лукашэнкі трымаецца на трох апорах — чыноўнікі, сілавікі і падтрымка Крамля. 

На думку Елісеева, самая слабая з апораў цяперашняга рэжыму — гэта чынавенская вертыкаль. Ён выказвае здзіўленне, што Ціханоўская і яе паплечнікі не працуюць з чыноўнікамі: "За паўгода выканкамаўцам не было прапанавана ніякага альтэрнатыўнага варыянту іх палітычнай будучыні".

Па яго словах, або адна з "апораў" расколецца і Лукашэнку прыбяруць з улады, або ён заключыць ўзаемавыгадны пакт з Крамлём і будзе правіць бясконца. "Ніякіх перамоваў з яго боку кшталту цывілізаваных круглых сталоў не будзе", — канстатуе аналітык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі