Эрыксан: Нельга казаць, што вядуцца кулуарныя і таемныя перамовы

Еўрарадыё: Дзе вы зараз, чым займаецеся пасля ад’езду з Беларусі?


Стэфан Эрыксан: Я нікуды не знік, я застаўся амбасадарам — тытул застаецца, але працую зараз у Міністэрстве замежных спраў Швецыі, у Стакгольме. І працую ў Дэпартаменце Усходняй Еўропы. У тым ліку трохі па пытаннях Беларусі.


Еўрарадыё: За час працы ў Беларусі вы вывучылі беларускую мову, цікавіліся нашай гісторыяй і культурай. Але ў дыпламата такая праца, што сёння ён у Беларусі, а заўтра можа быць накіраваны ў іншую краіну. Ці не занадта вы “зрасліся” з краінай?


Стэфан Эрыксан: Я сем гадоў жыў у Беларусі. З іх чатыры — у якасці амбасадара. За гэты час я паспеў зблізіцца з беларусамі, з Беларуссю, з беларускай культурай. Я інакш не магу! Калі я нешта раблю, то раблю гэта ўсім сэрцам і ўсёй душой. І я ні на кроплю не шкадую, што гэта зрабіў. Праўда, калі з’язджаеш, то пакідаеш і ўсіх тых людзей, з якімі кантактаваў, сябраваў. Але ж свет сёння не такі вялікі, адлегласці зменшыліся, і твой ад’езд не азначае, што ты больш не можаш мець кантактаў з гэтай краінай, з гэтымі людзьмі. Таму я стараюся не вельмі моцна пакутаваць. Адно непрыемна — мой ад’езд быў вельмі раптоўным, і я нават не змог нармальна развітацца з людзьмі. Праўда, за час з восені я паспеў сустрэцца па-за межамі Беларусі з вялікай колькасцю беларусаў. У Стакгольме і іншых месцах.


Еўрарадыё: Мне проста цікава: можа так стацца, што вас накіруюць амбасадарам у, да прыкладу, Манголію. Вы будзеце ў такім выпадку вывучаць мангольскую мову, іх культуру?


Стэфан Эрыксан: Я пакуль не думаю пра тое, куды паеду наступным разам. Але і там я буду старацца вывучаць мясцовыя традыцыі, культуру, мову. Праўда, пакуль я планую заставацца ў Стакгольме. Хаця б пэўны час — я не жыў на радзіме ўжо 12 гадоў. Час вяртацца. Я, дарэчы, і планаваў гэта вяртанне, але крыху пазней, чым атрымалася. Для дыпламата самае цяжкае — не пераезд на працу ў іншую краіну, а вяртанне дамоў. Праца дыпламата ў сталіцы сваёй радзімы адрозніваецца ад працы ў іншай краіне. Амбасадар заўсёды ў цэнтры ўвагі і ў яго больш зразумелыя рамкі абавязкаў. Вяртаешся дамоў, у міністэрства, і трапляеш у зусім іншую сітуацыю. Але, мабыць, гэта і добра, трэба да гэтага прызвычаіцца.


Еўрарадыё: Ці часта да вас звяртаюцца па каментары як да эксперта па Беларусі?


Стэфан Эрыксан: Звярталіся вельмі часта ўвосень. Але я на той час даволі рэдка адгукаўся. Зараз звяртаюцца радзей, і зараз я час ад часу адгукаюся на такія звароты. Веды пра вашу краіну тут усё ж патрэбныя. А пасля 7 гадоў жыцця ў Беларусі я спадзяюся, што нешта ўсё ж зразумеў — не магу казаць, што я ўсё зразумеў. Але нейкія адказы на нейкія пытанні, мабыць, ёсць у мяне.


Еўрарадыё: А чаму вы рэдка адгукаецеся на просьбы “пракаментаваць Беларусь”? Ёсць нейкая забарона кіраўніцтва?


Стэфан Эрыксан: Забароны няма. Але ж вы разумееце, што мая асоба стала выклікаць раздражненне ў пэўных колах у Беларусі. А навошта раздражненне яшчэ больш выклікаць? Такая вось вельмі простая прычына.


Еўрарадыё: Ведаю, што знешнепалітычнае ведамства Швецыі прыкладае намаганні, каб “разруліць” сітуацыю, што склалася апошнім часам ва ўзаемаадносінах паміж нашымі краінамі. Ці ёсць нейкія зрухі ў гэтым?


Стэфан Эрыксан: Пэўныя кантакты сапраўды ёсць. І я спадзяюся, што будуць нейкія зрухі ў бліжэйшы час.


Еўрарадыё: Днямі міністр замежных спраў Беларусі сустракаўся з прадстаўніком ЕС Гунарам Вігандам. Можа, гэта сведчанне таго, што зрухі ёсць, кантакты наладжваюцца і, глядзіш, Стэфан Эрыксан ізноў будзе амбасадарам у Мінску?


Стэфан Эрыксан: Кантакты павінны быць, і кантакты з ЕС ёсць. Ну, да чаго яны прывядуць — пабачым. Наконт свайго вяртання не буду спекуляваць — я думаю, вы цудоўна разумееце, што я не планую ў бліжэйшы час вярнуцца амбасадарам. Але вельмі спадзяюся, што змагу вярнуцца ў вашу краіну. Праўда, і гэта пытанне больш далёкага часу.


Еўрарадыё: Асобныя эксперты кажуць, што зараз для Беларусі і ЕС прыйшоў час “таемнай” дыпламатыі. Гэта сапраўды так, ці адбываецца толькі тое, пра што нам афіцыйна паведамляецца?


Стэфан Эрыксан: Чуткі пра нейкія размовы і перамовы — гэта перабольшана, такога няма. Тыя кантакты, якія ёсць, — пра іх добра вядома. І натуральна, што тыя краіны, якія маюць дыпламатычныя прадстаўніцтва ў Беларусі, маюць кантакты ў Мінску з афіцыйнымі прадстаўнікамі. Гэта іх праца. Але нельга казаць, што вядуцца нейкія кулуарныя і таемныя перамовы — гэта я магу сцвярджаць з усёй адказнасцю.


Еўрарадыё: Таксама кажуць, што Еўропа ўжо стамілася ад “беларускага пытання”…


Стэфан Эрыксан: Гэта сапраўды з’ява рэальная, і яна зразумелая. Людзі па-чалавечы стамляюцца, губляюць надзею, што нейкія змены магчымыя ў некаторых краінах. З гэтым трэба змагацца, трэба, каб пра Беларусь не забыліся. У свеце адбываецца шмат усяго, жудасныя канфлікты і войны. У Беларусі сітуацыя не такая складаная, але яна таксама вартая ўвагі. І трэба дабівацца таго, каб Беларусь заставалася на парадку дня ЕС.


Еўрарадыё: У працяг: гэта стомленасць, нібыта, прыводзіць да таго, што кіраўніцтва ЕС хоча перакласці “беларускае пытанне” на плечы Крамля… А раней ЕС гатовы быў рабіць усё магчымае, каб Беларусь не адышла да Расіі.


Стэфан Эрыксан: Так пытанне ніколі не стаяла, што Беларусь некуды адыдзе. Куды Беларусь дзенецца?! Яна знаходзіцца там, дзе яна знаходзіцца, — паміж ЕС і Расіяй. Гэта такі лёс, мабыць, не самы просты. І таму не пагаджуся з тым, як пытанне пастаўленае.


Еўрарадыё: ЕС папракаюць у тым, што, маўляў, няма ў яго доўгатэрміновай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Гэта сапраўды так?


Стэфан Эрыксан: Я таксама неаднаразова чуў гэты папрок — што і стратэгіі няма, і другога, і трэцяга. Усё гэта было і не адзін раз. Рэальнасць змяняецца, і не ўсе стратэгіі можна прымяняць у жыцці. Яны, мабыць, у нечым дапамагаюць. Але ўсё адно трэба пастаянна рэагаваць на тое, што адбываецца. А тут не заўжды нейкая стратэгія дапаможа.


Еўрарадыё: А вы верыце ў прапанаваную ЕС праграму па мадэрнізацыі Беларусі?


Стэфан Эрыксан: Канешне, веру! Трэба верыць у некаторыя рэчы. Але гэта не вера ў тое, што гэта праграма вырашыць усе пытанні. Гэта спосаб прапанаваць нешта станоўчае для Беларусі. Варта спрабаваць усе шляхі, якія ёсць, і ўсе праграмы вартыя ўвагі. Ёсць і іншыя праграмы. І адна дапаўняе іншую. А вось нейкі "залаты ключык" — у гэта ніхто не верыць.


Еўрарадыё:  Вы ведаеце, што асобныя людзі да гэтага часу лічаць вас аўтарам ідэі “мядзведзікавага дэсанта”?

Стэфан Эрыксан: Я казаў і магу паўтарыць, што нічога агульнага з гэтымі мядзведзікамі я не меў і не маю. Люблю я мядзведзікаў, сапраўды, і падчас маёй працы ў Беларусі былі праекты — літаратурныя, дзіцячыя кніжкі шведскія, якія мы перакладалі на беларускую мову. “Малы і мядзведзік” — цудоўная кніжка. Быў фільм-казка "Маленькая калядная казка”, дзе мядзведзік выконвае галоўную ролю фактычна. Таму да мядзведзікаў я стаўлюся станоўча, але да гэтай акцыі ніякага дачынення не меў.


Еўрарадыё: У нас паўсюль і ва ўсіх ворагі: 80% журналістаў супрацоўнічаюць з КДБ, апазіцыянеры — у большасці агенты, дыпламаты — усе шпіёны. Як вы ставіцеся да такога пошуку ворагаў?

Стэфан Эрыксан: Я жыву ў краіне, дзе нейкія спецслужбы ніколі не адыгрывалі вялікай ролі. Не кажу, што іх зусім няма, але ў такім маштабе — дакладна няма! Я магу зразумець, чаму ўзнікаюць такія размовы, такія падазрэнні, але я лічу, што яны шкодныя. Усё ж такі, каб людзей у нечым вінаваціць, неабходна мець доказы. Пройдзе час, адчыняцца архівы — і тады ўжо стане вядома, хто быў кім. А да таго займацца пошукам ворагаў даволі бессэнсоўна.


Еўрарадыё: Вы сталі ініцыятарам шмат якіх беларуска-шведскіх культурніцкіх праектаў. Вы будзеце іх нейкім чынам падтрымліваць, працягваць, развіваць пасля ад’езду з Беларусі?

Стэфан Эрыксан: Я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, але ўсё ж такі і без мяне даволі шмат рэчаў адбываецца, працягваюцца кантакты — у тым ліку і ў культурнай галіне, якія закладаліся калісьці.

Фота з архіва Стэфана Эрыксана

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі