ЕС не перадасць Украіне ўзгодненую дапамогу да сакавіка, пацвердзілі ў Кіеве

Украінскія вайскоўцы

Украінскія вайскоўцы / facebook.com/GeneralStaff.ua

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба пацвердзіў інфармацыю Bloomberg аб тым, што ЕС не паспее перадаць Украіне мільён артылерыйскіх снарадаў да сакавіка.

"Ёсць пытанні, і мы, скажам так, шмат і гучна б'ем у званы. Еўрасаюз працуе над ліквідацыяй гэтых праблем", — прыводзіць словы міністра рэсурс Hromadske. Са слоў Кулебы, затрымка з пастаўкай дапамогі не звязаная з адсутнасцю палітычнай волі. Прычына у еўрапейскай бюракратыі і "жаласным стане абароннай прамысловасці" ЕС.

Украінскі міністр заклікаў ЕС распрацаваць цэласную палітыку ў сферы абаронных індустрый. Паводле яго слоў, Еўрасаюзу, калі там думаюць пра бяспеку, "трэба абсалютная новая якасць працы абаронных індустрый краін-членаў ЕС і кандыдатаў на ўступленне ў Еўрасаюз".

Нагадаем, што раней выданне Bloomberg паведаміла, што ЕС наўрад ці выканае абавязацельства даць Украіне мільён артылерыйскіх боепрыпасаў да сакавіка. На дадзены момант гэтая ініцыятыва рэалізаваная менш чым на 30%.

Сітуацыя на фронце тым часам застаецца без глабальных змен. Дажджы на Данбасе ўплываюць, але не спыняюць аперацыі. Расійскія войскі, паводле звестак Інстытута вывучэння вайны, у мінулыя суткі працягнулі наступальныя аперацыі ўздоўж лініі Купянск-Сватава, каля Бахмута, Аўдзееўкі, на захад і паўднёвы захад ад Данецка і ў заходняй частцы Запарожскай вобласці. Яны крыху прасунуліся ў некаторых раёнах. Украінскія вайскоўцы працягвалі наземныя аперацыі на ўсходнім (левым) беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, і 13 лістапада, па паведамленнях расійскіх ваенкораў, прасунуліся наперад.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі