Пагроза пераходу ў пазіцыйную вайну — сур'ёзны выклік для Украіны — Залужны
Вайна ва Украіне
Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Валерый Залужны ў артыкуле, напісаным для The Economist, паразважаў пра сітуацыю на фронце і перспектывы. Пагроза пераходу ў пазіцыйную вайну — сур'ёзны выклік для Украіны, мяркуе ён. Па словах Залужнага, зацягванне вайны выгаднае расіянам, паколькі дазволіць ім аднаўляць і нарошчваць свой вайсковы патэнцыял. А працяглая пазіцыйная вайна "нясе велізарныя рызыкі для Узброеных сіл Украіны і яе дзяржавы".
Украінскі генерал лічыць, што "новыя інавацыйныя падыходы могуць зноў ператварыць гэтую вайну з пазіцыйнай ў манеўраную".
Валерый Залужны пералічвае праблемы, якія трэба вырашыць украінскаму войску і яго саюзнікам. На першым месцы — перавага расіян у паветры, якая ўскладняе рух наперад украінскіх байцоў. Таксама трэба ўдасканаліць сродкі контрбатарэйнай і радыёэлектроннай барацьбы, атрымаць новыя тэхналогіі размініравання, павялічыць рэзервы, рацыяналізаваць матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне Украіны, парушыць лагістыку РФ, засяродзіцца на сучасным камандаванні і кіраванні.
"Нашым моцным бокам павінна быць візуалізацыя поля бою і імгненнае прыняцце рашэнняў", — піша Залужны. Ён адзначае, што "Расію не варта недаацэньваць" і яна "будзе мець перавагу ва ўзбраенні, тэхніцы, ракетах і боепрыпасах яшчэ значны час".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.