ЕС: новым беларускім дэпутатам не хапае легітымнасці
Участак для галасавання, ілюстрацыйнае фота
Новым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і мясцовых органаў улады "не хапае дэмакратычнай легітымнасці". Прычына — у асаблівасцях электаральнай кампаніі, якая прайшла ў Беларусі. Яна праходзіла на фоне беспрэцэдэнтнага ўзроўню рэпрэсій, парушэнняў правоў чалавека, абмежаванняў палітычнага ўдзелу і доступу да незалежных СМІ, які пастаянна расце. Усё гэта сур'ёзна падарвала легітымнасць выбарчага працэсу, гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазепа Барэля.
У ЕС шкадуюць, што ўлады Беларусі не запрасілі місію па назіранні за выбарамі БДІПЧ АБСЕ, хоць гэта прадугледжваюць міжнародныя абавязацельствы Беларусі. "Гэта яшчэ раз ілюструе адсутнасць празрыстасці выбарчага працэсу і няздольнасць забяспечыць яго адпаведнасць міжнародным выбарчым стандартам", — адзначыў Жазэп Барэль. Ён таксама падкрэсліў, што ЕС будзе і надалей падтрымліваць права беларусаў выбіраць сваіх прадстаўнікоў з дапамогай сапраўдных, дэмакратычных і празрыстых выбараў. Барэль таксама ў чарговы раз заклікаў рэжым Лукашэнкі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў.
Раней аб нелегітымнасці вынікаў беларускіх "выбараў" заявілі Дзярждэпартамент ЗША і МЗС Германіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.