Еўрадэпутаты заклікаюць Лукашэнку да перамен і прыстрашылі санкцыямі
Збор подпісаў на вылучэнне кандыдатаў каля Камароўскага рынку / Еўрарадыё
Дэпутаты Еўрапейскага парламента апублікавалі заяву аб сітуацыі з выбарамі ў Беларусі і неабходнасці змен у краіне. Яны крытычна ацэньваюць дзеянні беларускіх улад:
"Змены ў Беларусі сапраўды патрэбныя. Яны не павінны палохаць ні беларускіх грамадзян, ні беларускія ўлады. Еўрапейскі саюз гатовы дапамагчы Беларусі на шляху да гэтых непазбежных змен", — гаворыцца ў заяве на афіцыйным сайце Еўрапейскай народнай партыі — самай буйной міжнароднай партыі аб'яднанай Еўропы.
Еўрадэпутаты робяць рэверанс і ў бок Аляксандра Лукашэнкі. Маўляў, змены не абавязкова азначаюць змену кіраўніцтва краіны: "Гісторыя сусветнай палітыкі дае нам некалькі прыкладаў, калі доўгатэрміновыя лідары мудра слухалі мірна выяўленыя патрабаванні ад сваіх грамадзян і самі ініцыявалі радыкальны зрух у сваёй палітычнай праграме".
Дэпутаты Еўрапейскага парламента ўпэўненыя, што Беларусь — моцная і важная еўрапейская дзяржава: "Моцныя дзяржавы не баяцца перамен. Перамены палохаюць толькі слабых".
Далей пачынаюцца ўмовы.
Зараз, лічаць прадстаўнікі Еўрапейскай народнай партыі, Беларусь знаходзіцца ў сітуацыі, калі пачаць змены магчыма. Для гэтага Аляксандру Лукашэнку трэба спыніць пераслед палітыкаў, актывістаў, патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Вызваліць Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Паўла Севярынца і іншых.
Акрамя таго, трэба не перашкаджаць рэгістрацыі кандыдатаў і забяспечыць роўныя ўмовы агітацыі для ўсіх кандыдатаў. Гарантаваць справядлівы і празрысты выбарчы працэс. Публічна ўзяць на сябе абавязацельства прыняць вынікі выбараў, якімі б яны ні былі.
У выпадку перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Лукашэнка павінен забяспечыць свабодныя і дэмакратычныя парламенцкія выбары. Калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя, то ЕС гатовы дадаткова дапамагчы Беларусі, каб справіцца з эканамічнымі наступствамі пандэміі.
Аднак у выпадку, калі Лукашэнка ў чарговы раз праігнаруе галасы сваіх суграмадзян і адмовіць ім у праве на свабодны выбар, будуць санкцыі.
"Лукашэнка павінен разумець, што ЕС не пацерпіць такіх дзеянняў і што яны павінны і будуць мець наступствы, уключаючы магчымыя мэтанакіраваныя санкцыі ў дачыненні да груп, асобных асоб і арганізацый, і акажуць уплыў на пастановы ЕС што да фінансавай дапамогі Беларусі, уключаючы пакет устойлівасці", — заяўляюць дэпутаты Еўрапарламента.
І напрыканцы аптымістычна спадзяюцца, што да гэтага не дойдзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.