Еўрапарламент закліча да новых санкцый супраць беларускага рэжыму

Еўрапарламент / pixabay.com
Еўрапарламент / pixabay.com

Еўрапарламент закліча да новых санкцый супраць беларускага рэжыму. Адпаведны праект рэзалюцыі, як чакаецца будзе вынесены на галасаванне 15 сакавіка, паведамляе zerkalo.io. Дакумент быў узгоднены большасцю палітычных груп Еўрапарламента.

Паведамляецца, што ён павінен стаць адказам на далейшыя рэпрэсіі ў Беларусі — "у прыватнасці, прысуд Анджэю Пачобуту, актывісту польскай меншасці ў Беларусі і журналісту, і Алесю Бяляцкаму, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру і праваабаронцу".

Таксама ў гэтым дакуменце еўрапарламентары крытыкуюць Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), які дапускае ўдзел беларускіх і расійскіх спартоўцаў у адборы на летнія Алімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы пад нейтральным сцягам. На думку дэпутатаў, гэтыя дзеянні супярэчаць рашэнню ізаляваць Расію і Беларусь на многіх узроўнях. Палітыкі асцерагаюцца, што такое рашэнне будзе выкарыстанае рэжымам у прапагандысцкіх мэтах.

Еўрадэпутаты заклікаюць Еўрасаюз і яго дзяржавы-чальцы пашырыць і ўзмацніць санкцыі супраць фізічных і юрыдычных асоб, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі, і "забяспечыць іх належнае выкананне". Таксама аўтары рэзалюцыі заклікаюць, каб супраць Беларусі былі ўведзеныя такія ж санкцыі, як і супраць Расіі, і асуджаюць беларускі рэжым за саўдзел у расійскай агрэсіі.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі