Еўрапейская праўда: Кіеў мусіць разарваць адносіны з рэжымам Лукашэнкі

Еўрапейская праўда: Кіеў мусіць разарваць адносіны з рэжымам Лукашэнкі

Украіна мусіць разарваць адносіны з рэжымам Лукашэнкі. Такое меркаванне выказвае рэдакцыя ўкраінскага выдання "Еўрапейская праўда" ў артыкуле, прысвечаным украінска-беларускім афіцыйным стасункам.  

На думку рэдакцыі, апошнія заявы Лукашэнкі наконт яго рашэння ўдзелу Беларусі ў "спецаперацыі" і нядаўнія прылёты ва ўкраінскія гарады расійскіх ракет, выпушчаных з нашай тэрыторыі, павінны былі прымусіць афіцыйны Кіеў паставіць кропку ў адносінах з беларускімі ўладамі. 

"Але Кіеў да гэтага часу спрабуе падзяляць расійскую ўладу і яе філіял у Беларусі, — канстатуюць журналісты. — Мы вядзём упартую барацьбу з войскам РФ, але пры гэтым падтрымліваем дыпламатычныя адносіны з Беларуссю, якая сама заяўляе аб адзінстве сваёй арміі з расійскай.

Тое, што ў Мінску да гэтага часу працуе амбасадар Украіны, гучыць яшчэ больш бессэнсоўна, калі ўзгадаць, што Украіна не прызнае легітымнасць Лукашэнкі і прызначаны ім урад. Дарэчы, беларускіх дыпламатаў ва Украіне няма яшчэ з сакавіка, таму імкненне Кіева захаваць адносіны з паўночным агрэсарам — аднабаковае".

Чаму Кіеў не разрывае адносіны з Мінскам? Магчыма, калі гэта здарыцца, то для Украіны будуць наступствы гэтага кроку? Рэдакцыя мяркуе, што ў параўнанні з вайной нічога не можа здарыцца больш страшнага. А Украіна дзейнічае па інерцыі, з якой трэба скончыць. 

Некалі, мяркуюць журналісты, асцярожнасць прыняцця рашэнняў у дачыненні да Беларусі сапраўды мела сэнс. Нават падтрымаўшы некаторыя рашэнні еўрапейскіх інстытуцый пасля пратэстаў 2020 года, Украіна адмовілася ад санкцый у адносінах да суседкі, асцерагаючыся асабістай крыўды Лукашэнкі. Да таго ж, усе памяталі непрызнанне Беларуссю Крыма "расійскім" і цанілі эканамічныя адносіны з Беларуссю і гандаль.

Цяпер, мяркуе рэдакцыя, гэтых аргументаў не існуе. 

"Мы не разарвалі адносіны з РФ ні пасля Ілавайска, ні пасля Дэбальцава, ні пасля падзей паблізу Керчанскага праліва ў 2018 годзе. Гэта не прадухіліла ні адну наступную эскалацыю. Адзінае, чаго мы гэтым "дасягнулі", — гэта замацаванне на міжнародным узроўні тэзы аб тым, што вайна з РФ нейкая несапраўдная, інакш аб паўнавартасных дыпламатычных адносінах не магло б быць гаворкі.

Цяпер мы паўтараем гэты шлях з Беларуссю. Захаванне адносін з Мінскам стварае ілюзію, што Кіеў гатовы да аднаўлення адносін (у першую чаргу эканамічных, але не толькі), як толькі завершыцца актыўная фаза вайны. [] Між тым на мінулым тыдні Украіна разарвала адносіны з Сірыяй у адказ на дыпламатычнае прызнанне Данбаскай недарэспублікі. Але чаму такая логіка не працуе ў адносінах да Беларусі, якая зрабіла значна больш варожых крокаў супраць нашай краіны?" — задаецца пытаннем "Еўрапейская праўда".

На думку рэдакцыі, Украіна мусіць звярнуць увагу на новую беларускую палітыку. 

"Зусім нармальна зрабіць палітычную заяву, што мы разрываем сувязі з нелегітымным дыктатарам, а не з беларускім грамадствам, бо прэзідэнт Зяленскі неаднаразова падкрэсліваў розніцу паміж імі. А адначасова — вызначыць, прынамсі, для сябе, хто будзе выразнікамі інтарэсаў гэтага грамадства. Ці пачне Кіеў хаця б часам мець зносіны са Святланай Ціханоўскай?"

Да таго ж, мяркуе рэдакцыя, Кіеў мусіць нарэшце вызначыцца, што рабіць з беларусамі ва Украіне і на якіх умовах іх знаходжанне тут дарэчнае.

"Шукаць адказы на гэтыя пытанні складаней, чым проста заплюшчваць вочы на беларускую агрэсію супраць нашай краіны. Але гэтаму дзіўнаму стану рэчаў трэба нарэшце пакласці канец. І зрабіць гэта варта як мага хутчэй. Зацягванне не дае Кіеву ніякіх плюсаў і толькі пагаршае выклікі", — рэзюмуе выданне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі