“Еўрасаюз з-за выхаду Брытаніі не разваліцца, а вось Брытанія — можа”

“Еўрасаюз з-за выхаду Брытаніі не разваліцца, а вось Брытанія — можа”

Да якіх зменаў гэта можа прывесці брэкзіт, расказвае па тэлефоне з Лондана сацыёлаг, медыяэксперт Ляксей Лявончык, які жыве “паміж Лонданам, Варшавай і Мінскам”.

Еўрарадыё: Наколькі нечаканым для Еўрасаюза быў вынік брытанскага рэферэндуму і ці ёсць у Бруселя план, як дзейнічаць далей?

Ляксей Лявончык: Ёсць. Бо размовы, што рабіць у выніку "Брэкзіту", вяліся месяцы два, з таго моманту, як апытанні пачалі паказваць перавагу прыхільнікаў выхаду. І брытанскі бізнес дакладна меў планы на той выпадак, калі іх краіна выйдзе з Еўрасаюзу. Еўропа як інстытуцыя такія планы мела, але яны, хутчэй, разглядалі такую магчымасць як малаімаверную. Тое, што адбылося, стала шокам для Еўропы, але я не думаю, што гэта стане прычынай крытычных зрухаў у самім Еўрасаюзе. Хто б там што ні крычаў, але больш ніхто не выйдзе з Еўрасаюза пакуль не стане зразумела, ці зможа Брытанія сысці без стратаў. Калі Еўрасаюз паставіць Брытанію перад умовай: альбо нарвежская мадэль (практычна тое ж самае, што і было, але без права голасу ў Савеце ЕС), альбо — гандаль на агульных падставах, як з Канадай, то ў такім выпадку ніякага выхаду не будзе. Бо гэта стане прыкладам іншым, што нельга проста выйсці і дамагчыся прывілеяў. Мяркую, Еўропа з гэтым справіцца. Іншае пытанне, што Брытанія з гэтым сабе не дасць рады.

Еўрарадыё: ЕС будзе вырашаць,на якіх умовах адпускаць Брытанію? А можа, увогуле вырашыць не адпускаць?

Ляксей Лявончык: У Бруселі не могуць Брытаніі забараніць выходзіць. Наадварот, кіраўнікі Еўрапарламента, Савета міністраў ЕС, Еўракамісіі — усе яны ўжо выказаліся за хуткі “развод”. Але Еўропа не можа прымусіць Брытанію як мага хутчэй пачаць перамовы пра выхад з ЕС. Але яны не хочуць зацягваць гэтую агонію. А вось Лондан, відаць, узяў курс на тое, каб адцягнуць гэты момант. Кэмеран (прэ’ер-міністр Брытаніі) фактычна сёння падняў рукі і сказаў: “Я не хачу нічога рабіць — хай разграбаюцца мае наступнікі”.

А гэта азначае, што пакуль не будзе прызначаны новы прэм’ер (гэта вырашыцца да верасня) нават пачатку перамоў Брытаніі пра яе выхадзе з ЕС не будзе. Наступны прэм’ер павінен будзе звярнуцца да ЕС ,пачаць перамовы паводле так званага артыкула 50, дзе прапісаная працэдура выхаду краіны са складу Еўрасаюза. Пакуль гэтага звароту няма, Брытанія лічыцца поўнафарматным сябрам ЕС, яна нават не так званы “сыходзячы сябра”. Сітуацыя павісла. Адзіная розніца, гэта капітальна сапсаваны бізнес-клімат у краіне. Бо капітал не будзе чакаць станоўчых ці адмоўных зрухаў у краіне, ён проста з’едзе. І ён ужо з’язджае у Дублін, у Франфурт — гэтыя планы банкі мелі за восем месяцаў да "Брэкзіту". Ні адзін бізнес не любіць доўгага перыяду няпэўнасці. Менавіта таму ЕС хоча як мага хутчэй “развесціся”. Гэта было б у інтарэсах і Брытаніі, але, як бачыце, кіруючая верхавіна пакінула гэтае пытанне павіслым.

Еўрарадыё: За выхад з ЕС пераважна галасавалі людзі сталага ўзросту і жыхары маленькіх мястэчак. Ці варта было ўвогуле давяраць электарату прымаць рашэнне па такім лёсавызначальным пытанні?

Ляксей Лявончык: На мой погляд, гэта было капітальнае глупства. Кампанія абапіралася на лозунг:”Давайце вернем краіне права кіраваць сабой!”. Але факты, якія яны прыводзілі, былі абсалютна перакручаныя: лічба таго, што плаціць Брытанія ЕС была перабольшаная ў два разы, была абсалютна штучна надзьмутая істэрыя адносна мігрантаў. Ды і ніхто не чакаў, што да гэтага рэферэндуму дойдзе! Рэферэндум — вынік унутрыпартыйнай барацьбы ў Кансерватыўнай партыі з 2013 года. Кэмеран паабяцаў правесці гэты рэферэндум, каб залагодзіць выбаршчыкаў з крайне правага крыла. І зрабіў тое, што абяцаў. Гэты рэферэндум — не праява нейкага сістэмнага крызісу ў стасунках паміж Брытаніяй і ЕС. Крызісу няма, эканоміка расце, еўраскептыкі і еўрааптымісты ў Брытаніі падзеленыя прыблізна роўна, як і ў іншых краінах ЕС. Зразумела, што такое пытанне нельга было выносіць на гэты рэферэндум. Гэта пытанне выключна для спецыялістаў, і яно павінна вырашацца на ўзроўні парламентаў.

Еўрарадыё: Сталі вядомыя вынікі брытанскага рэферэндуму, а ў Беларусі курс рубля пачаў падаць. Якіх яшчэ вынікаў для нашай краіны ад гэтых еўрарэферэндумаў чакаць?

Ляксей Лявончык: Абвалілася нафта, бо рынкі пачалі чакаць рэцэсіі. Адпаведна, абваліўся расійскі рубель. Калі ў бліжэйшы час Брытанія не вызначыцца з тым, што будзе рабіць: “разводзіцца” з ЕС ці не прызнае вынікі гэтага рэферэндуму, то рынкі будуць кіравацца меркаваннем, што ў Брытаніі пачнецца рэцэсія. А Брытанія — адзін з найбуйнейшых спажыўцоў нафты і энерганосьбітаў на рынку. Адпаведна, удары па расійскім рублі будуць і далей адбывацца, а ўдары па беларускім рублі будуць адбывацца праз расійскі рубель. 

“Еўрасаюз з-за выхаду Брытаніі не разваліцца, а вось Брытанія — можа”

А калі восенню Брытанія звернецца да артыкула 50, фармальна, пачне перамовы пра выхад з ЕС, то чаканні будуць перагледжаныя з негатыўных на “вельмі негатыўныя”. Што адаб’ецца на рынку нафты і, адпаведна, на курсе беларускага рубля.

Еўрарадыё: Вірус брытанскай “незалежнасці ад ЕС” не перакінецца на іншыя краіны?

Ляксей Лявончык: Не, калі Брытанія па выніку не атрымае асаблівых правоў. Прычына нязгоды паміж Брытаніяй і ЕС — у пытанні міграцыі. Уявім, што Брытанія атрымае права свабоднага гандлю з ЕС, які мае цяпер, але пры гэтым будзе мець права не пускаць да сябе мігрантаў з ЕС, то гэтага захочуць іншыя краіны, якія маюць у сябе шмат мігрантаў з так званай “новай Еўропы” — Польшчы, Чэхіі і гэтак далей, грамадзяне якіх едуць у іншыя краіны ЕС працаваць. Гэта, да прыкладу, Нідэрланды, Бельгія, Францыя і іншыя. Таму, ЕС такіх правоў Брытаніі не дасць, бо гэта штуршок да таго, каб пачалі адвальвацца іншыя краіны. Такім чынам, калі Брытанія выйдзе, то яна будзе для ЕС такой “Канадай пад бокам”. Што азначае яе развал. Бо Нікала Сцерджэн (Першы міністр Шатландыі, — Еўрарадыё) ужо заявіла, што яны будуць пераглядаць іх саюз з Англіяй. ЕС не разваліцца, калі ён не дасць Брытаніі асаблівыя правы. А даваць ёй асаблівыя правы ніхто не збіраецца. Для гэта неабходная кваліфікацыйная большасць, а Варшава, да прыкладу, не будзе падпісвацца пад рашэннем, якое будзе абмяжоўваць доступ яе працаўнікам на рынак Брытаніі. Хочаце свабодны гандаль з ЕС, прымаеце працоўных мігрантаў з ЕС. Хутчэй, такія будуць умовы. І такім будзе Еўрасаюз. Ён кансалідуецца, стане “нямецкім”. Ён згубіць аднаго сур’ёзнага чальца, але Брытанія згубіць больш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі