Eurostat паведаміў, дзе ў ЕС жыве найбольш грамадзян Беларусі
У краінах Еўрасаюза больш за ўсё грамадзян Беларусі пастаянна ці часова жыве ў Літве, Польшчы і Латвіі. Такія звесткі публікуе статыстычная служба ЕС (Eurostat).
Так, у Літве налічылі 2302 беларусы. Па колькасці мігрантаў у гэтай краіне нашых суайчыннікаў апярэджваюць толькі расіяне, іх — 10 289 чалавек. На трэцім месцы — украінцы (1662).
У Польшчы грамадзяне Беларусі складаюць трэцюю па велічыні групу імігрантаў — 5407 чалавек (6%). Большая колькасць там толькі ўкраінцаў (19 983) і немцаў (6147).
Пятае месца па колькасці дыяспары нашы суайчыннікі займаюць у Латвіі — 1686 чалавек, ці 1% ад усіх замежных грамадзян. Цікава тое, што ў Латвіі неграмадзянамі з’яўляюцца 253 643 чалавекі, і іх таксама адносяць да іншаземцаў. Больш, чым беларусаў, у гэтай краіне расіян — 13%, літоўцаў і ўкраінцаў — па 1%.
Самымі шматлікімі дыяспарамі ў Еўрасаюзе з’яўляюцца турэцкія, рускія, украінскія і мараканскія.
Фота: sputnik.by