Facebook адфільтруе палітычную рэкламу
Кампанія Facebook абвясціла аб зменах, якія павінны зрабіць больш празрыстай палітычную рэкламу ў сацыяльнай сетцы. Раней кампанія атрымала шмат крытыкі пасля паведамленняў аб трох тысячах рэкламных аб'яваў палітычнага характару, звязаных з Расіяй.
Рэкламадаўцы павінны будуць падаваць больш інфармацыі, якая дазваляе ідэнтыфікаваць іх, напісаў у сваім акаўнце кіраўнік Facebook Марк Цукерберг. Сацсетка, паводле яго слоў, будзе маркіраваць іх рэкламу як палітычную, а "яны павінны будуць раскрыць, хто за яе плаціць".
Кампанія таксама збіраецца наняць некалькі тысяч мадэратараў для выяўлення палітычнай рэкламы. Гэтыя меры прынятыя на фоне паведамленняў аб тым, што падтрыманыя ўладамі Расіі групы выкарыстоўвалі абвесткі ў сацыяльных сетках для ўмяшання ў выбары ў ЗША ў 2016 годзе.
У пачатку верасня гэтага года кіраўніцтва Facebook заявіла, што цягам амаль двух гадоў фэйкавыя ўліковыя запісы, звязаныя з Расіяй, куплялі палітычную рэкламу ў сацыяльнай сетцы. Прыкладна на тры тысячы абвестак было патрачана каля 100 тысяч долараў, паведамляе ВВС.