Дураў расказаў, што Telegram можа раскрыць ІР-адрасы парушальнікаў
Абноўленыя ўмовы абслугоўвання і палітыка канфідэнцыйнасці (ілюстрацыйнае фота)
IP-адрасы і нумары тэлефонаў карыстальнікаў Telegram, якія парушаюць яго правілы, могуць быць перададзеныя ўладам "у адказ на абгрунтаваныя запыты". Пра гэта паведаміў у сваім тг-канале заснавальнік Telegram Павел Дураў. Паводле яго слоў, былі абноўленыя ўмовы абслугоўвання і палітыка канфідэнцыйнасці, "забяспечыўшы іх аднастайнасць па ўсім свеце".
Дураў сцвярджае, што "спецыяльная каманда мадэратараў" зрабіла пошук у Telegram "нашмат больш бяспечным", а выяўлены "праблемны кантэнт" ужо недаступны. "Пошук у Telegram прызначаны для пошуку сяброў і навін, а не для прасоўвання незаконных тавараў, — тлумачыць ён. — Мы не дазволім зламыснікам паставіць пад пагрозу цэласнасць нашай платформы для амаль мільярда карыстальнікаў".
У жніўні 2024-га Павел Дураў быў затрыманы ў Францыі. Яму выставілі абвінавачванні, звязаныя са злоўжываннямі ў Telegram, забаранілі пакідаць тэрыторыю краіны. Французскія СМІ сцвярджалі, што пасля затрымання Дурава Telegram пачаў адказваць на запыты следчых у Францыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.