ФК "Кубань": Ганчарэнку звольнілі, каб не дапусціць развалу каманды

Беларускі футбольны трэнер Віктар Ганчарэнка ўсё ж сыходзіць з "Кубані". Дагэтуль пра гэта была супярэчлівая інфармацыя. Толькі ўвечары 13 лістапада ФК "Кубань" змясціў на сваім сайце афіцыйную інфармацыю пра "перамены на трэнерскім мастку клуба". Адзначаецца, што кіраўніцтва футбольнага клуба і галоўны трэнер каманды Ганчарэнка дасягнулі ўзаемнай згоды бакоў аб датэрміновым скасаванні кантракту.

"Са шкадаваннем даводзіцца прымаць рашэнне клуба аб скасаванні са мной кантракту, — цытуе словы Віктара Ганчарэнкі прэс-служба ФК "Кубань". — Я не хацеў скасоўваць кантракт. Няпростым, як я разумею, такі крок стаў і для кіраўніцтва клуба. Мяркую, што сваёй працай мне ўдалося стварыць той неабходны плацдарм, які дазволіць футбольнаму калектыву рухацца наперад. Пакідаю каманду на высокіх турнірных пазіцыях і ў надзеі, што яна здолее іх захаваць на фінішы чэмпіянату. Асаблівыя словы падзякі за падтрымку хацеў бы выказаць заўзятарам і фанам, а таксама футбалістам і супрацоўнікам клуба, з якімі разам вырашаў пастаўленыя перад камандай задачы ў ходзе папярэдняга і бягучага сезонаў, і з якімі, не сумняваюся, мы і надалей захаваем сяброўскія, цёплыя адносіны. Жадаю, пры гэтым, былому пад маім кіраўніцтвам футбольнаму калектыву новых вышынь і дасягненняў на шляху да пастаўленых мэтаў".

Генеральны дырэктар футбольнага клуба "Кубань" Яўген Мураўёў таксама пракаментаваў сітуацыю: "Гэта было няпростае для нас рашэнне. Мы ўдзячныя Віктару Міхайлавічу за працу. Пад яго кіраўніцтвам "Кубань" паказала нядрэнныя вынікі. Але гэтая адстаўка — прэвентыўная мера. Ёсць цэлы шэраг глыбінных праблем, якія добра бачныя знутры нам і незаўважныя з боку. Сёння для клуба няма нічога важней, чым прадухіліць адток ключавых футбалістаў і не дапусціць развалу каманды. На жаль, такі крызіс ужо намеціўся. Узровень дысцыпліны, дапушчаны трэнерам, вельмі нізкі. Узнікла рэальная пагроза, што каманда не ўтрымае высокія пазіцыі ў турнірнай табліцы. Гэтага дапусціць мы не можам ні ў якім выпадку. Нам важна захаваць наш футбольны калектыў. А задача ў клуба застаецца ранейшай — гуляць у еўракубках. Галоўнае для нас сёння — каманда".

Нагадаем, Віктару Ганчарэнку 37 гадоў. У 2008-2013 гадах ён быў галоўным трэнерам барысаўскага БАТЭ, упершыню вывеў каманду ў групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў. Стаў самым маладым трэнерам гэтага турніра. 12 кастрычніка 2013 года Ганчарэнка падпісаў кантракт з ФК "Кубань" на 4,5 гады. Сёлета ён вывеў каманду ў групу лідараў расійскай Прэм'ер-лігі.

Фота — fckuban.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі