Фотафакт: футбольны газон у Растове, які раскрытыкаваў Жазэ Маўрынью
Галоўны трэнер англійскага клуба "Манчэстар Юнайтэд" Жазэ Маўрынью раскрытыкаваў футбольны газон на стадыёне "Алімп-2" у расійскім горадзе Растоў. У чацвер яго каманда згуляе там матч 1/8 фіналу Лігі Еўропы з мясцовым "Растовам".
"Мне цяжка паверыць, што мы будзем гуляць на такім полі..., калі гэта наогул можна назваць полем, — цытуе словы Маўрынью "Спорт-Экспресс". — І я не ведаю, кім мы будзем гуляць. Не ведаю, ці згуляе Мхітаран. Мне давядзецца сур'ёзна падумаць, бо я чакаў больш спрыяльных умоў. Улетку мы з "Сіці" не сталі гуляць на падобным полі ў Кітаі. Але цяпер усё выглядае так, як быццам нам гуляць давядзецца".
Па словах галоўнага трэнера "Манчэстар Юнайтэд", ён паскардзіўся прадстаўніку УЕФА, які аглядаў поле. Аднак той сказаў, што "гульцы застрахаваны і, калі нешта здарыцца, не будзе ніякіх праблем".
Каб захаваць хаця б невялікую колькасць травы, каманды дамовіліся не трэніравацца на "Алімпе-2". Як інфармуе "Спорт-Экспресс", растоўскія аграномы не здзівіліся нараканням гасцей на якасць газона. Інжынер-аграном стадыёна "Алімп-2" Альберт Чэнібалаян сказаў наступнае: "Мы засеялі поле, але, на жаль, цуда за некалькі дзён адбыцца не можа".