#FreeThemAll: як азербайджанскае грамадства дапамагае палітвязням

Мэйдан ТБ
Мэйдан ТБ

Паводле матэрыялу Meydan.TV

Пачатак 2019 года ў Азербайджане адзначыўся падзеямі, якія многімі былі ўспрынятыя як пачатак рэформаў у краіне. 16 сакавіка, напярэдадні свята Наўруз, прэзідэнцкім указам аб памілаванні на свабоду выйшлі 399 чалавек. Сярод іх 52 палітвязні. Гэта першы выпадак такой маштабнай амністыі палітвязняў. Мясцовыя праваабаронцы, вызваленыя актывісты і іх адвакаты лічаць, што гэтаму ў асноўным спрыялі грамадскія кампаніі ў краіне, дзе раней грамадзянская актыўнасць ня назіралася.

Па падліках мясцовых і міжнародных праваабаронцаў, колькасць палітычных вязняў у Азербайджане — адна з самых вялікіх у Еўропе. Да апошняга памілавання іх было 128 чалавек. Рэпрэсіі служаць не толькі для запалохвання актывістаў, але і з'яўляюцца інструментам знешняй палітыкі, лічаць яны. І таму спіс палітвязняў, які перыядычна складае спецыяльна створаная ў Азербайджане рабочая група з мясцовых праваабаронцаў, пастаянна папаўняецца новымі імёнамі. Пры гэтым афіцыйны Баку цалкам адмаўляе наяўнасць хоць бы аднаго палітвязня.

 

Гуманізм ад улады?

Для многіх палітвязняў вызваленне стала поўнай нечаканасцю, таму што яны не звярталіся з асабістай просьбай аб памілаванні да кіраўніка дзяржавы.

"Я лічу, што прасіць аб памілаванні павінен той, хто здзейсніў злачынства. Я правяла за кратамі два гады па надуманых абвінавачваннях, я не прасіла і не чакала [памілавання] ", — кажа намеснік старшыні апазіцыйнай Партыі народнага фронту Азербайджана, прыгавораная да трох гадоў арышту "за кантрабанду" Гезал Байрамлы.

 

Дапамаглі грамадскія кампаніі

Раней унутры Азербайджана на абарону палітвязняў паўставалі ў асноўным актывісты, палітычныя партыі. Але гісторыя маладога блогера Мехмана Гусейнава выклікала шырокі грамадскі рэзананс.

У канцы 2018 года вядомы сваімі відэаблогамі пра раскошныя асабнякі дзяржчыноўнікаў Гусейнаў, за два месяцы да заканчэння тэрміну арышту па абвінавачанні ў паклёпе, апынуўся пад пагрозай новага тэрміну. Гусейнава абвінавацілі ў збіцці супрацоўніка турмы, за што Мехмана чакала зняволенне да сямі гадоў. Менавіта гэтая падзея, на думку мясцовых праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, паслужыла штуршком для актыўнай абароны палітвязняў з боку шараговых грамадзян, якія звычайна не адрозніваюцца актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

#FreeThemAll: как азербайджанское общество помогает политзаключённым
Плакат у падтрымку Мехмана Гусейнава / Мэйдан ТБ

#FreeThemAll

“Справа Мехмана адметная тым, што менавіта тады шараговыя грамадзяне, якія не з'яўляюцца членамі ніякай палітычнай партыі альбо арганізацыі, магчыма, упершыню ў сваім жыцці праявілі такую сур'ёзную актыўнасць у сацсетках. І мы ўбачылі, як людзі адкрыта, без страху высоўвюць свае патрабаванні”, — кажа Расул Джафараў, былы палітвязень, які стаў ініцыятарам кампаніі #FreeThemAll.

У кампаніі пад хэштэгам #FreeThemAll (вызваліце ўсіх), якая развярнулася ў азербайджанскім сегменце Фэйсбука, з патрабаваннем вызваліць усіх палітвязняў даволі актыўны ўдзел прынялі і звычайныя грамадзяне. Да кампаніі далучыліся тысячы карыстальнікаў сацсетак, #FreeThemAll стаў самым папулярным трэндам апошніх месяцаў.

 

“Ці змог бы я праявіць такую вытрымку без падтрымкі людзей?”

Сярод вызваленых былі і "вязні помніка" Гіяс Ібрагімаў і Байрам Мамедаў. Яны атрымалі 10 гадоў турмы пасля таго, як напісалі антыўрадавыя лозунгі на пастаменце помніка экс-прэзідэнту Азербайджана Гейдару Аліеву. Маладыя людзі правялі за кратамі амаль тры гады, і за гэты час іх родныя і адвакаты не раз заяўлялі пра катаванні ў дачыненні да Гіяса і Байрама ў турме.

#FreeThemAll: как азербайджанское общество помогает политзаключённым
"Вязні помніка" Байрам Мамедаў і Гіяс Ібрагімаў / Мэйдан ТБ

"Нам дапамагла выстаяць менавіта падтрымка грамадства. Сказаць, што я ці Байрам Мамедаў змаглі б праявіць такую стойкасць без іх падтрымкі, думаю, было б складана", — пра гэта адразу пасля свайго вызвалення ў інтэрв'ю Мэйдан ТБ сказаў Гіяс Ібрагімаў.

 

“Я не чакаў свайго вызвалення”

Апошнім памілаваннем выйшаў на свабоду і адзін з арганізатараў пратэснай акцыі супраць смерцяў салдат у небаявых умовах, член моладзевай арганізацыі NİDA, які адсядзеў у турме шэсць з васьмі гадоў Ількін Рустамзадэ. У размове з Мэйдан ТБ ён сказаў, што да апошняга не верыў у сваё вызваленне раней за тэрмін:

“ За кратамі да мяне было асаблівае стаўленне. Я ведаў, што ўлады адкрыта ігнаруюць патрабаванні мясцовых і замежных праваабаронцаў аб маім вызваленні, і таму не верыў, што выйду”.

#FreeThemAll: как азербайджанское общество помогает политзаключённым
Моладзевы актывіст, былы палітвязень Ількін Рустамзадэ / Мэйдан ТБ

Ён таксама кажа пра падтрымку мясцовага грамадства:

“Унутры краіны магчымасці апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і медыя вельмі абмежаваныя, і ў такіх умовах людзі робяць усё магчымае для абароны правоў палітвязняў”.

Адвакат Эльчын Садыгаў, які ў розны час абараняў інтарэсы розных палітвязняў у краіне, таксама адзначае важнасць падтрымкі мясцовай і міжнароднай супольнасці:

“Актыўная падтрымка палітвязняў з боку мясцовай і міжнароднай супольнасці адыгрывае важную ролю, яна важная для абнародавання выпадкаў з парушэннямі іх правоў, грубага абыходжання з імі ў турме, а таксама пры іх вызваленні. Гэта таксама дае ім моцную маральную падтрымку”.

Каардынатар рабочай групы па складанні спісу палітвязняў, праваабаронца Інтыгам Аліеў лічыць, што для палітвязняў важныя нават дробязі:

“Да прыкладу, ім можна адпраўляць кнігі, паштоўкі. Першы час за кратамі супрацоўнікі турмы не размаўлялі са мной, ім гэта забаранялася. Потым, калі сталі прыходзіць лісты, паштоўкі, кнігі з розных краін свету, стаўленне да мяне супрацоўнікаў пенітэнцыярнай службы, папраўчай установы змянілася. Вельмі важна праводзіць кампаніі ў абарону палітвязняў, сустракацца з іх сем'ямі”.

#FreeThemAll: как азербайджанское общество помогает политзаключённым
Былы палітвязень, праваабаронца Інтыгам Аліеў / Мэйдан ТБ

Інтыгам Аліеў таксама адзначыў, што ПАСЕ рыхтуе даклад па палітычных вязнях у Азербайджане:

“Гэты дакумент павінен быць абавязкова прыняты, бо праблема палітвязняў не можа вырашацца ўказамі аб памілаванні. Вырашыцца гэтая праблема можа устанаўленнем дэмакратыі, правядзеннем справядлівых выбараў, забеспячэннем правоў чалавека, незалежнасці грамадзянскай супольнасці. Без гэтага праблема палітвязняў у краіне будзе заставацца заўсёды”.

А пакуль у краіне працягваюцца кампаніі з патрабаваннем вызваліць палітвязняў. Па падліках мясцовых праваабаронцаў, за кратамі ўсё яшчэ застаецца больш за 70 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі