Фрыдман: сустрэча Лукашэнкі з Дугіным — гэта смешна, але і страшна
Лукашэнка з Дугіным / president.gov.by
Сустрэча Лукашэнкі з ідэолагам "рускага свету" Аляксандрам Дугіным адбылася, бо абодва бакі хочуць паказаць сваю значнасць, лічыць гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. Для беларусаў гэта можа скончыцца дрэнна, бо Дугін — спрытны прапагандыст ідэй нянавісці. Невядома, што за гэту сустрэчу ўзяў для сябе Лукашэнка.
— Сустрэча была патрэбна Дугіну, які хоча прадэманстраваць сваю ўплывовасць. Дугіна лічаць вельмі ўплывовым філосафам, асабліва на Захадзе. Там у першыя дні вайны выходзіў шэраг публікацый, у якіх тлумачылася, што Дугін — гэта нешта кшталту прыватнага філосафа Пуціна. А ёсць і іншыя публікацыі, што ўплыў Дугіна вельмі перабольшаны.
Дугін сам імкнецца паказаць, які ён моцны, з якімі сур’ёзнымі асобамі сустракаецца. Паколькі Пуцін з ім не сустракаецца, прынамсі публічна, вось атрымалася магчымасць сустрэцца з Лукашэнкам.
Для Лукашэнкі важна быць у цэнтры ўвагі. Тым больш ён і яго асяроддзе знаходзяцца пад моцным уплывам расійскай прапаганды, адзначае эксперт.
— Ён жа сам прызнаваўся, што глядзіць розныя расійскія палітычныя ток-шоу. Там жа часта згадваецца Дугін. Тым больш калі мы паглядзім на асяроддзе Лукашэнкі, людзі кшталту Гігіна, яны ж адкрыта захапляюцца Дугіным. Магчыма, яны Лукашэнку прапанавалі, што ёсць такі надзвычайны філосаф, з гэтым чалавекам ёсць магчымасць сустрэцца.
У Лукашэнкі ўвогуле цяпер надзвычайныя часы. Хто б мог прадказаць, што ўжо на працягу трох гадоў Лукашэнка сістэматычна будзе даваць інтэрв'ю вельмі сур’ёзным і ўплывовым медыя? Паразмаўляў ён з гэтымі медыя, а цяпер вырашыў сустрэцца з гэтым філосафам так званым.
Лукашэнка шукаў дзяржідэю з ідэолагам рускага фашызму
Сярод іншага Лукашэнка з Дугіным абмяркоўвалі дзяржаўную ідэю Беларусі. Але навошта шукаць яе з Дугіным, калі яна нібыта ёсць?
— Гэта сведчыць пра выразную супярэчлівасць Лукашэнкі. З аднаго боку, ён заўсёды падкрэслівае, што ён стварыў незалежную беларускую дзяржаву. І вось высвятляецца, што Лукашэнка як бы беларускую незалежную дзяржаву стварыў, а дзяржаўнай ідэалогіі ці нейкай ідэалогіі ўвогуле ў гэтай краіны няма.
І гэта негледзячы на тое, што Беларусь — вельмі ідэалагізаваная краіна, што нават выкладаецца дзяржаўная ідэалогія і іншае. Дзяржаўная ідэалогія ёсць, а вось ідэі як такой няма. І для таго, каб нейкім чынам ідэю намацаць, трэба паразмаўляць з такім філосафам, як Дугін. Гэта выглядае смешна і гратэскна. Але, з аднаго боку, гэта смешна, а калі мы паглядзім на беларускую рэчаіснасць, тут ужо не да смеху. Гэта ўсё сур’ёзна, і нават такія сустрэчы, як з Дугіным, — гэта вельмі сур’ёзна. Бо Дугін такі спрытны прапагандыст ідэй нянавісці. І хто ведае, якія ідэі ў далейшым будуць уплываць на паводзіны і дзеянні Лукашэнкі.
Таксама Дугін прасоўвае псеўданавуковую ідэю еўразійства, што для беларусаў таксама шкодна.
— Гэта тэорыя, якую вельмі часта называюць расійскім фашызмам. Дугін жа кажа, што нам патрэбна ідэалогія, каб супрацьстаяць Захаду. І вось для Дугіна гэта была проста вельмі выдатная магчымасць Лукашэнку нешта пра гэта ў прамой размове сказаць і зрабіць з Лукашэнкі адэпта еўразійства.
Ці гэта атрымалася, мы пабачым наступнымі днямі і тыднямі. З Лукашэнкам жа вельмі цікава, калі ён адыходзіць ад паперкі і пачынае размаўляць, вельмі хутка можна зразумець, што на Лукашэнку паўплывала, — робіць выснову Аляксандр Фрыдман.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.