Футбалісты зборнай Беларусі не змаглі выйграць у Люксембурга

Футбалісты зборнай Беларусі не змаглі выйграць у Люксембурга

Футбалісты зборнай Беларусі не змаглі выйграць у Люксембурга. Адборачны матч чэмпіянату свету 2018 года прайшоў у панядзелак на "Барысаў-Арэне". У ім была зафіксаваная нічыя 1:1. Беларусы дамінавалі на полі, больш валодалі мячом, але забіць доўгі час не ўдавалася. У першай палове гульні з 10 удараў 5 трапілі ў створ, а адзін (Міхаіла Гардзейчука) — у перакладзіну. У гасцей у першай палове ўдараў не было зусім. А на 44-й хвіліне пасля другой жоўтай карткі з поля выдалілі Карлсана і зборная Люксембурга палову паядынка гуляла ў меншасці.

У другім тайме беларусы працягвалі атакаваць, але мяч упарта не ішоў у браму, альбо надзейна гуляў брамнік гасцей Марыс. Павел Савіцкі выйшаў на замену і неўзабаве патрапіў у штангу. Менавіта ён і забіў прыгожы гол на 80-й хвіліне. Аднак люксембуржцы на 85-й са штрафнога з дапамогай рыкашэту зраўнялі лік і пахавалі надзеі дружыны Аляксандра Хацкевіча на перамогу.

Зборная Беларусі гуляла ў наступным складзе: Гарбуноў, Бардачоў (М. Валадзько, 78), Філіпенка, Мартыновіч (капітан), Палякоў, Гардзяйчук, Глеб, Корзун, Маеўскі (Савіцкі, 71), Калачоў, Сігневіч (Карніленка, 60).

Вынікі іншых матчаў нашай групы А: Галандыя — Францыя — 0:1, Швецыя — Балгарыя — 3:0. Лідыруюць Францыя і Швецыя — па 7 ачкоў, у Галандыі — 4, у Балгарыі — 3, у Беларусі — 2, Люксембург мае 1 ачко.

Наступны матч беларусы правядуць 13 лістапада ў гасцях з балгарамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі