Футбольны клуб "Гомель" не атрымаў грошы за еўракубкі
Эмблема футбольнага клуба "Гомель"
Футбольны клуб "Гомель" сёлета прымаў удзел у кваліфікацыі Лігі канферэнцый, бо перад тым заваяваў Кубак Беларусі. Аднак грошай за ўдзел у еўракубках футбалісты так і не пабачылі.
ФК "Гомель" мусіў атрымаць ад УЕФА 450 тысяч еўра. Прычыну гэтага кіраўнік клуба Васіль Драздоў патлумачыў у інтэрв'ю газеце "Гомельская праўда".
"Праз тое, што наш заснавальнік уключаны ў санкцыйны спіс, грошы мы не атрымалі. УЕФА палічыў, што ўзнагароджанне нейкім чынам пойдзе прадпрыемству, а не клубу. Зараз вядзем перамовы, шукаем выйсце", — кажа Драздоў.
Клуб, па яго словах, спадзяецца атрымаць гэтыя грошы хаця б у наступным годзе. Выдаткаваць іх планавалася на куплю новага аўтобуса для каманды, а яшчэ частку аддаць футбалістам.
Спонсарам ФК "Гомель" з'яўляецца "Беларуснафта". Гэтая кампанія трапіла пад санкцыі Еўрасаюза год таму ў сувязі з "міграцыйным крызісам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.