Галодныя бадзяжныя сабакі тэрарызуюць беларускія райцэнтры
Жыхары самага маленькага беларускага райцэнтра — Дзісны (Віцебская вобласць) — пакутуюць ад бадзяжных сабак, якія бегаюць па горадзе. Галодныя сабакі пужаюць дзяцей. Яны горшыя за ваўкоў, бо нічога не баяцца, а лезуць наўпрост на падворкі жыхароў і душаць курэй і гусей.
“Усё вельмі складана з гэтымі сабакамі, — расказваюць Еўрарадыё ў тамтэйшай краме. — Літаральна некалькі дзён таму чалавек выратаваўся ад іх толькі таму, што паспеў у нашу краму забегчы. Я вам больш скажу, што ў куратнік залазяць. У знаёмай нядаўна шэсць курэй падушылі! Асабіста да мяне два сабакі залазілі.
Самавольна ходзяць па горадзе разам з дзецьмі, якія ідуць у школу. Сэнсу, што мы некуды скардзімся ці тэлефануем, ніякага няма. Тэлефануем у гарсавет, адтуль у ЖКГ. Адно на аднаго перакідваюць”.
“Калі б я бачыў зграі сабак у горадзе, дык сам бы меры прымаў”
У Дзісне нам расказваюць, што сабак ніхто не адлоўлівае ўжо больш за год. Бадзяжныя жывёлы прыходзяць у горад з навакольных вёсак: жыхары пераязджаюць у гарадскія кватэры, а сабак пакідаюць адных. Тыя дзічэюць.
У Дзісенскім гарвыканкаме Еўрарадыё адказалі, што праблема з бадзяжнымі сабакамі перабольшаная. Чыноўнікі запэўніваюць, што ў горадзе працуе служба па адлове жывёл. Старшыня Дзісенскага гарвыканкама Яўген Баран расказвае, што сабачых зграяў у горадзе не бачыў.
“Калі б я бачыў зграі сабак у горадзе, дык сам бы меры прымаў, — кажа ён. — У нас могуць быць выпадкі, калі людзі пераязджаюць і кідаюць сабак. Рашэннем выканкама зацверджана арганізацыя, якая займаецца адловам. І казаць, што ў нас тут зграі бегаюць, дык гэта ўжо занадта”.
У ЖКГ Дзісны з мясцовымі жыхарамі не пагаджаюцца і гавораць, што рэгулярна робяць адлоў жывёл.
“Сабакі ёсць, але не так, каб зграямі тут хадзілі. Мы рэгулярна праводзім адлоў. Гэта ж сабакі… Тут таксама спецыфіка свая ёсць. Трэба, каб людзі звярталіся, усё ўзгаднялі з міліцыяй, з гарвыканкамам. Тады робіцца адлоў сабак, — падтрымліваюць чыноўніка камунальнікі. — Адстрэл у горадзе забаронены, таму мы ловім і перадаём у гадавальнікі. Справа ва ўзгадненнях: адным грамадзянам гэта спадабаецца [адлоў сабак. — Еўрарадыё], а іншым не спадабаецца. Пара экзэмпляраў такіх сабак ёсць, іх злавіць трэба. Думаю, што выправім сітуацыю”.
А што ў іншых беларускіх гарадах?
Праблема бадзяжных сабак актуальная не толькі ў Дзісне.
“Па шостым гарадку немагчыма спакойна хадзіць. Цэлая зграя сабак, сем-восем штук, разгульвае, кідаецца на людзей. Страшна за дзяцей”, — пішуць у пастаўскай суполцы “УКантакце”.
Летась у Полацку ратвейлер напаў на пенсіянерку. Жыхары горада тады патрабавалі адстраляць бяздомных жывёл, а камунальнікі адказалі, што ў Полацку няма спецыяльнага атрада па адлове і гэтай праблемай займаецца ЖКГ.
Цяпер палачанін Аляксей расказаў Еўрарадыё, што сабак на вуліцах горада стала менш.
“Ведаеце, не скажу, каб моцна змянілася сітуацыя, — гаворыць слухач Еўрарадыё. — Часам бачыш, што сабакі бегаюць. Але ўжо не ў такой колькасці”.
Случакі таксама пакутавалі ад бадзяжных сабак. Гараджане расказвалі Еўрарадыё, што імкнуліся абыходзіць адзін з раёнаў горада, бо жывёлы нападалі на дзяцей.
Што праўда, і тут бадзяжных сабак бачылі не ўсе: мясцовыя чыноўнікі гаварылі, што іх у горадзе няшмат, а людзі проста перабольшваюць.
“Сабак цяпер няма, ЖКГ зрабіла рэйд яшчэ летам, — кажуць Еўрарадыё жыхары вуліцы Багдановіча ў Слуцку. — Але ведаеце, бадзяжныя сабакі, колькі б іх ні лавілі, усё роўна будуць з’яўляцца. У горадзе ёсць крама “Вясёлка”, дык там часта можна ўбачыць аўчарак, пародзістых сабак. Не ведаю, што гаспадары з імі робяць? Выкідваюць ці выганяюць”.
То-бок шмат дзе чыноўнікі даюць рады і вырашаюць сітуацыю з бяздомнымі жывёламі. Спадзяёмся, што і ў Дзісне, і ў Паставах гараджане здолеюць з імі паразумецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.