Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе: Хакей у нашай краіне мае прывілеі

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе: Хакей у нашай краіне мае прывілеі

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Аляксандр Хацкевіч пракаментаваў рашэнне тэлеканала "Беларусь 5" паказаць таварыскі матч з чарнагорцамі ў запісе. Ён мусіць прайсці 29 сакавіка ў Падгорыцы. Спачатку планавалася, што трансляцыя будзе ісці ў жывым эфіры. Аднак планы ў тэлеканала змяніліся. А 19-й гадзіне пачнецца жывая трансляцыя трэцяга паядынка фінальнай серыі хакейнага першынства Беларусі паміж салігорскім "Шахцёрам" і мінскім "Юнацтвам". А запіс футбольнага матча зборных Беларусі і Чарнагорыі пачнуць паказваць у 21.10.

"Я толькі цяпер даведаўся, што "Беларусь 5" збіраецца паказваць наш матч у запісе, а ў жывой трансляцыі пойдзе хакей, — гаварыў у сераду на прэс-канферэнцыі Аляксандр Хацкевіч. — Ну, хакей у нашай краіне мае прывілеі. Так што я не крыўдую на гэта".

25 сакавіка зборная Беларусі згуляе таварыскі матч у Ерэване са зборнай Арменіі. "Беларусь 5" яго таксама збіралася паказаць у жывым эфіры.

На сённяшняй прэс-канферэнцыі Хацкевіч патлумачыў, чаму ў складзе зборнай не будзе Аляксандра Глеба. Аказваецца, у футбаліста праблемы са здароўем і ён сам папрасіў яго не выклікаць на згаданыя матчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі