Галоўрэд "Новага часу": нам павінны выносіць падзякі, а не папярэджанні

Галоўрэд "Новага часу": нам павінны выносіць падзякі, а не папярэджанні

Галоўная рэдактарка "Новага часу" Аксана Колб пракаментавала папярэджанне, атрыманае ад Генпракуратуры.

"Гэта папярэджанне галоўнаму рэдактару, іх можна выносіць фактычна па любым артыкуле, бо цяпер такі час. Але за тыя артыкулы, за якія нам выносяць папярэджанні, нам павінны, наадварот, аб'яўляць падзяку, бо мы папярэджваем аб магчымых наступствах ад тых дзеянняў улады і тых нормаў заканадаўства, якія цяпер прымаюцца", — заявіла яна.

Як распавядала Еўрарадыё, галоўнай рэдактарцы вынеслі папярэджанне за тры артыкулы, у якіх гаварылася аб рэпрэсіях у Беларусі. На думку Генпракуратуры, гэтыя матэрыялы спрыялі нагнятанню напружанасці ў грамадстве, распальванню нянавісці і варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Дарэчы, "Новы час" мае адно папярэджанне ад Мінінфармацыі. 

Аднак Аксана Колб падкрэслівае, што папярэджанне ад Генпракуратуры не роўнае яму. Таму пра закрыццё "Новага часу" за два папярэджанні гаворка не ідзе. 

"Тым не менш, гэта чарговы крок па знішчэнні незалежнай журналістыкі. Але я ўпэўнена, што хутка мы з калегамі з іншых незалежных медыя будзем асвятляць зусім іншыя судовыя пасяджэнні і іншыя падзеі ў Беларусі", — дадае галоўрэд выдання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі