Ганчарэнка, Вольскі і іншыя: хто з вядомых беларусаў можа стаць дармаедам
Паводле новага дэкрэта, на прыцэл возьмуць тых, хто не працуе больш за 183 дні. Еўрарадыё адшукала вядомых асобаў, якіх гэта можа зачапіць.
2 красавіка быў падпісаны так званы дэкрэт аб дармаедах, але дзейнічае ён заднім чыслом — з пачатку года. Калі не працуеш больш за 183 дні, то павінен сплаціць 20 базавых адзінак у бюджэт.
Еўрарадыё вырашыла прыгадаць, якія вядомыя беларусы ў апошні час сядзяць без працы і неўзабаве могуць стаць дармаедамі.
З сярэдзіны лістапада 2014 года футбольны трэнер Віктар Ганчарэнка перастаў быць трэнерам краснадарскай “Кубані” і не спяшаецца ісці на працу зноў. Яшчэ тры месяцы з лішкам, і нашаму знакамітаму трэнеру таксама давядзецца выплаціць 20 базавых адзінак.
“Можа быць, некаму дастаўлю задавальненне, некага расчарую. Але мяркую, што ў хуткім часе без працы я не буду”, — паведамляе Віктар Ганчарэнка Еўрарадыё.
Калі менавіта спецыяліст узначаліць чарговы клуб і ў якой краіне будзе працаваць, трэнер пакуль не паведамляе.
“Але гэты час не за гарамі”, — далікатна ўдакладняе Віктар Міхайлавіч.
Легенда беларускай музыкі Лявон Вольскі таксама трымае працоўную кніжку пры сабе.
“Пакуль што я пад гэты дэкрэт трапляю, безумоўна. Праблему будзем у рабочым парадку вырашаць. Але класці працоўную кніжку куды-небудзь “для адмазкі” я не збіраюся”, — заўважае музыка.
Абмяркоўваючы дэкрэт, Вольскі згадвае аб практыцы, калі шэрагу артыстаў у Беларусі чыноўнікі замінаюць даваць паўнавартасныя канцэрты. І пры гэтым дзяржава патрабуе аплачваць “дармаедскія”.
Напрыканцы гутаркі нагадваем Лявону Вольскаму, што ён уваходзіць у зарэгістраваныя творчыя аб’яднанні — Саюз беларускіх пісьменнікаў і “Беларускі ПЭН-цэнтр”. А значыцца, паводле дэкрэту, ад выплаты 20 базавых ён павінен быць вызвалены.
Аляксандр Казулін быў і рэктарам Белдзяржуніверсітэта, і кандыдатам у прэзідэнты, і палітзняволеным. А сёння сітуацыя такая, што з'яўляецца беспрацоўным. Пачуўшы пытанне пра дэкрэт, ён адразу ж спасылаецца на Канстытуцыю.
“Там дакладна прапісана: не “абавязак на працу”, а “права на працу”, — адразае Казулін.
Палітык выказвае аптымістычнае меркаванне, што і ён, і іншыя беларусы “знойдуць магчымасць выйсці з такой сітуацыі, бо выходзілі і са значна горшых”.
Напрыканцы гутаркі высвятляем, што ўжо ў гэтым годзе палітык дасягне пенсійнага ўзросту. Значыцца, паводле дэкрэту, ад выплаты 20 базавых ён вызвалены.
Усю трупу Свабоднага тэатра таксама могуць запісаць у дармаеды. Гэты тэатр не прызнаюць у Беларусі афіцыйна, але ведаюць за мяжой.
“Плаціць я ім не хачу, натуральна. Лічу гэта дзіўным. Калі яны не хочуць нас прызнаваць, гэта не азначае, што я не працую”, — лічыць актрыса Свабоднага тэатра Юлія Шаўчук.
У выпадку, калі да актрысы прыйдуць праваахоўнікі, яна б хацела хутчэй адпрацаваць 20 базавых прыбіраннем вуліц ці пафарбоўкай платоў, чым прамой выплатай.
Беларускі драматург і сцэнарыст Андрэй Курэйчык у сацыяльных сетках сам сябе назваў дармаедам і выказаў гатоўнасць заплаціць 20 базавых адзінак.
Вядомы блогер Яўген Ліпковіч таксама нідзе не працуе.
“У мяне сродкаў хапае. Але абурае іншае: за права жыць на тэрыторыі Беларусі, калі ты з’яўляешся рэзідэнтам, трэба плаціць грошы”, — абураецца Ліпковіч і тут жа згадвае гісторыю класіка сусветнай літаратуры Іосіфа Бродскага, якога савецкія ўлады судзілі за дармаедства.
“Цяпер і я маю шанец заляцець як ён. То бок, гэта прамы шлях да Нобелеўскай прэміі”.
Фота belsat.eu, tribuna.com, n-europe.eu