Ганна Канапацкая прапанавала правесці рэферэндум

Ганна Канапацкая прапанавала правесці рэферэндум

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая прапанавала правесці рэферэндум, каб адмовіцца ад Саюзнай дзяржавы з Расіяй. Такую прапанову прадстаўніца апазіцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі абнародавала ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку.

Канапацкая падкрэслівае, што нездарма абрала сённяшні дзень для сваёй заявы. "Сёння, у дзень гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, зноў востра паўстае пытанне захавання незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, ва ўмовах нечакана рэзкага фарсіравання інтэграцыйных працэсаў у рамках няскончанага 20-гадовага праекта Саюзнай дзяржавы, што прымушае задумацца, а ці патрэбны нам такі праект", — дадае палітык. 

Непатрэбнасць Саюзнай дзяржавы яна абгрунтоўвае наяўнасцю Еўразійскага эканамічнага саюза, куды акрамя Расіі і Беларусі ўваходзяць яшчэ некалькі краін. Праект Саюзнай дзяржавы, па словах Канапацкай, за 20 гадоў так і застаўся мёртванароджаным дзіцем. 

Дэпутатка адзначае, што спярша гэты праект у сваіх палітычных мэтах выкарыстоўваў беларускі кіраўнік, а потым пра яго забыліся. "Праект існаваў толькі на паперы і ў частцы створаных фармальных органаў. І вось сёння ў палітычных мэтах яго пачалі выкарыстоўваць расійскія палітыкі, прычым фактычна з пагрозамі эканамічнага ціску на нашу краіну", — канстатуе яна.

На думку Канапацкай, народам Беларусі і Расіі Саюзная дзяржава як палітычны праект не патрэбная. А для эканамічнай інтэграцыі з Расіяй, за якую прагаласавалі на рэферэндуме ў 1995 годзе больш за 83% грамадзян Беларусі, дастаткова ЕАЭС.

"Магчыма, прыйшоў час паставіць кропку ў гісторыі з Саюзнай дзяржавай, каб назаўсёды спыніць, у тым ліку шэраг скандалаў і ўзаемных папрокаў па пытаннях інтэграцыі паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі, якія зноў пачалі публічна гучаць з канца мінулага года. Зрабіць гэта можна толькі праз рэферэндум, які могуць ініцыяваць ці 450 000 беларусаў, ці Нацыянальны сход, ці прэзідэнт", — мяркуе дэпутатка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі