“Ганна Вольская — такая ж знакавая для нашай культуры асоба, як і Лявон”

“Ганна Вольская — такая ж знакавая для нашай культуры асоба, як і Лявон”

23 сакавіка пайшла з жыцця Ганна Вольская. Чалавек, які заўжды цягам 20 гадоў стаяў побач з Лявонам Вольскім. Ганне было толькі 40 гадоў. З іх амаль 20 гадоў мы былі знаёмыя — з часоў працы на “Радыё 101.2”. Менавіта там яна пазнаёмілася з Лявонам, стваральнікам праграмы “Квадракола”. І стала яму не толькі жонкай, але і музычным дырэктарам.

Прычым, ёй удавалася вельмі добра спалучаць гэта, дзеліцца ўспамінамі сябра Ганны Вольскай, прадзюсар гурта “Трубяцкі” Яўген Калмыкоў.

“Гэта ўвогуле вельмі рэдкі выпадак, калі жонка з’яўляецца і сябрам, і крутым персанал-менеджарам. Гэта вельмі рэдкая якасць, і я нават іншых такіх прыкладаў не ведаю. Увогуле, Ганна — гэта набор станоўчых якасцяў: разумная, прыгожая, абаяльная, вясёлая, кампанейская, прафесійная. А яшчэ вельмі мужная. Я ёй да апошняга часу ўсё кампліменты рабіў, казаў, як яна добра выглядае, а яна ніводным словам ці эмоцыяй не выдала сваёй хваробы”.

Абаяльнасць і працаздольнасць Ганны найперш прыгадвае і былы галоўны рэдактар “Радыё 101.2”, экс-старшыня “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, сябрам якой была Вольская, Жанна Літвіна.

Жанна Літвіна:Абаяльная жанчына. І гэта не высокія словы з нагоды такой трагедыі, а вельмі шчыра. Гэтая прыгажосць знешняя была і прыгажосцю душы. Толькі чалавек са светлай душой мог прысвяціць усё сваё жыццё вырашэнню і нейкіх праблем, звязаных з канцэртамі Лявона — яна была яго і правай, і левай рукой, самым блізкім, як мне падаецца, сябрам, дарадцам, любімай жанчынай. У душы з нагоды такой трагедыі толькі боль”.

                              Калектыў "Радыё 101.2"

Пра вялікую ролю Ганны ў здзяйсненні творчых задум Лявона кажа і бас-гітарыст гурта “Крамбамбуля” і “Трубяцкі” Алесь-Францішак Мышкевіч. І таксама адзначае пазітыў Ганны.

“Вырашаліся ў яе пытанні неяк так: “Ну, калі там нешта будзе кепскае — нічога, мы пройдзем гэта і далей будзе лепш. То бок, яна на праблемы пазірала, усміхаючыся. Гэта чапляла і падкупляла. Такая добрая рыса ў характары. Пазітыўным чалавекам была, заўсёды пазітыўным”.

Сяброўка Ганны, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі” Ніна Шыдлоўская адзначае вялікую ролю Вольскай для сучаснай беларускай культуры.

Ніна Шыдлоўская: “Я б вельмі хацела, каб Ганну Вольскую ўзгадвалі не толькі і не столькі як жонку Лявона, а менавіта як чалавека, які натхняў, і дзякуючы якому шмат якія праекты ў Лявона атрымліваліся. І я думаю, што і яшчэ будуць здзейсненыя, бо ў яе было вельмі шмат задумаў і планаў. Яна была і маторам, і натхняльнікам, і крэатыўным чалавекам, які падказваў вельмі адметныя і цікавыя рашэнні. І таму мне падаецца, што Ганна такая ж знакавая для нашай культуры асоба, як і сам Лявон Вольскі”.

Планаў у Ганны на будучыню і сапраўды было шмат. Да прыкладу, яны з Лявонам збіраліся ў адпачынак летам, квіткі нават былі ўжо замоўленыя, распавядае Еўрарадыё сяброўка Ганны і Лявона Вольскіх Вольга Бабак. Па словах Вольгі, у мінулы чацвер Ганну забрала ў шпіталь “хуткая дапамога”, яе завезлі ў гастраэнтаралагічнае аддзяленне другой клінічнай бальніцы Мінска. Там Ганна праляжала да нядзелі, але пагаршэнне ішло імкліва. Няўжо такую хваробу можна было не заўважыць і няўжо жанчыне немагчыма было дапамагчы?

Вольга Бабак: “Яна была вельмі моцным чалавекам, і таму я цалкам веру ў тое, што яны абодва былі перакананыя Ганнай, што ў яе будзе ўсё добра. Яна нават ніводнага курсу хіміятэрапіі не прайшла. Я асабіста гутарыла ў нядзелю з дзяжурным доктарам, які паказаў мне вынікі аналізаў, што паспелі зрабіць Ганне пасля таго, як яна трапіла ў шпіталь. Яны не пакідалі надзеі на тое, што на гэтай стадыі можна хоць што-небудзь зрабіць, акрамя абязбольвання”.

І лекары пайшлі насустрач — вельмі хутка прапісалі ёй морфій. І гэта было прызнаннем таго, што ўжо насамрэч дапамагчы яны хворай ніяк не могуць. Не дапамагло б Ганне і лячэнне за мяжой.

“Гэта было ўжо запозна. Ёй любы рух і нават дотык прычыняў вельмі шмат пакутаў. Таму ні пра якую перавозку нават гаворкі не ішло — яна б яе не перажыла”, — кажа сяброўка Ганны Вольскай.

Вольга не ведае, калі дакладна ў Ганны выявілі рак малочнай залозы, але кажа, што пухліна прагрэсавала ў яе як мінімум год. Вось толькі “проста ляжаць у лякарні і паміраць” Ганна не жадала…

Ганну Вольскую пахаваюць 24 сакавіка ў Заслаўі. Перад пахаваннем, з 11-й да 13-й гадзіны на тэрыторыі Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску пройдзе грамадзянская паніхіда.

Фота з архіва Лявона Вольскага і Вольгі Бабак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі