У Мінску не далі правесці канцэрт памяці Ганны Вольскай

У Мінску не далі правесці канцэрт памяці Ганны Вольскай

У Мінску не дазволілі правесці канцэрт памяці прадзюсера і жонкі Лявона Вольскага Ганны Вольскай. Мерапрыемства планавалася на 7 ліпеня ў канцэртнай зале “Мінск”. Але ўжо на этапе арэнды памяшкання ў арганізатараў узніклі праблемы.

У Мінску не далі правесці канцэрт памяці Ганны Вольскай

“Мы доўга абіралі пляцоўку і прыйшлі да разумення, што трэба рабіць у КЗ "Мінск". У часы N.R.M. і наступныя імпрэзы "Крамбамбулі" мы разам перажылі ў гэтай зале шмат. Значную частку жыцця. Яшчэ пасля пахавання Лявон выказаў здагадку, што нам не дадуць дазволу на канцэрт. Мне падавалася, што дадуць, бо "ўсе мы людзі, усе смертныя і памяць пра чалавека, які сышоў, — гэта святое”. Я памыляўся. Святога нічога няма”.

піша на сваёй старонцы ў Facebook арганізатар вечара памяці і сябра сям’і Вольскіх Уладзімір Шаблінскі

Папярэдне адміністрацыя канцэртнай залы паведаміла Уладзіміру, што дата вольная, але ім трэба ўзгадніць з “галаўной арганізацыяй”, ці можна здаваць залу. Маўляў, “раптам вы там чаго”. Быў дасланы спіс выступоўцаў, пасля чаго ў арэндзе адмовілі. А ў афіцыйным адказе напісалі, што ў гэтыя дні ў памяшканні будзе праходзіць мерапрыемства “з удзелам органаў дзяржаўнай улады, сілавых міністэрстваў і ведамстваў”.

“У Канцэртнай зале працуюць тыя ж, з кім мы працавалі разам дзесяцігоддзі, — кажа Уладзімір. — Яны па тэлефоне ўсё нам спакойна тлумачаць. Ім проста далі ўстаноўку залу не здаваць. Яна ж цяпер “Рэспубліканскі культурна-асветніцкі цэнтр упраўлення справамі прэзідэнта РБ”. І ўсё. Нават да аддзела ідэалогіі не дайшлі”.

Клубы для правядзення мерапрыемства нават не разглядаліся, бо хацелася, каб вечар быў сямейны, без алкаголю. Магчыма, вечар памяці Ганны Вольскай усё ж будзе праведзены. Напрыклад, у Вільні. Але гэтае пытанне будзе ўздымацца пасля таго, як Лявон Вольскі атрымае ўзнагароду Freemuse Award 2016.

Ганна Вольская памерла 23 сакавіка 2016 года ад анкалагічнай хваробы. Ёй было толькі 40 гадоў, 20 з якіх яна правяла разам з Лявонам Вольскім і стала яму не толькі жонкай, але і музычным дырэктарам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі