Гайдукевіч: Разлічваем на вынік ад 3 да 10 дэпутатаў ад ЛДПБ у парламенце

Гайдукевіч: Разлічваем на вынік ад 3 да 10 дэпутатаў ад ЛДПБ у парламенце

Ці спадзяецца ў выніку сваёй першай выбарчай кампаніі стаць дэпутатам, чаму лічыць сябе апазіцыянерам, але ні з кім з іншых апазіцыйных структур у кааліцыю ўступаць не хоча, ці гатовы прасіць прабачэння ў актывістаў апазіцыі, якія былі пакараныя падчас яго кіравання Фрунзенскім РУУС сталіцы і ці гатовы апынуцца па той бок кратаў? Адказаць на гэтыя пытанні ў студыю Еўрарадыё прыйшоў намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

Цалкам размову з Алегам Гайдукевічам можна паслухаць:

Лепшыя цытаты з размовы:

Калі палітык не бярэ ўдзел ў выбарах, гэтага палітыка няма. Ён жыве ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках, але ў рэальным жыцці яго няма.

Вызначылі 10 акруг, дзе мы можам выйграць, і ў гэтых акругах сканцэнтраваная найбольшая колькасць працы. І разлічваем на вынік ― ад 3 да 10 дэпутатаў.

Няма ў краіне ніводнай апазіцыйнай партыі, здольнай выставіць сваіх кандыдатаў хаця б у чвэрць участковых выбарчых камісій.

Калі выступ нейкага кандыдата знялі з эфіру, то значыць, там рэчы ўжо зусім недапушчальныя ― кандыдаты як хочуць выступаюць і што хочуць кажуць.

Мы апазіцыйная партыя і ўладу мы крытыкуем штодня, пачынаючы ад чыноўнікаў і завяршаючы кіраўнікамі нашых прадпрыемстваў, міністэрстваў і ведамстваў.

Людзям ніколі не было цікава, хто сапраўдная апазіцыя, а хто ― не сапраўдная. Іх цікавіць асоба, што чалавек зрабіў за гэтыя гады, праграма і план дзеянняў па паляпшэнні ўзроўню жыцця.

Наша апазіцыя, якая ў апошнія гады працавала ў краіне, сфармавалася на рэштках Вярхоўнага Савета апошняга склікання. Час гэтай апазіцыі безнадзейна прайшоў. Моладзь сёння не ведае, што за Вярхоўны Савет такі. Ім гэта не цікава. Вырасла цэлае пакаленне новых людзей з таго часу.

Я ўпэўнены, што сёлетнія выбары ― самыя дэмакратычныя за ўсю гісторыю існавання Беларусі.

Калі нехта ўжо сёння п’е шампанскае за сваю перамогу, то ён рана гэта робіць. Я ўпэўнены, што нас яшчэ чакаюць сюрпрызы ― улада зацікаўленая ў максімальна дэмакратычных выбарах. Бо разумее, што рух наперад патрэбны.

Калі большасць выбаршчыкаў у акрузе цябе падтрымлівае, ніякія маніпуляцыі немагчымыя.

У 2010 годзе ўсе кандыдаты былі зарэгістраваныя, не сабраўшы сто тысяч подпісаў. І таму наш кандыдат зняўся. Не, яны прадставілі па сто тысяч подпісаў, але іх там ніхто моцна не правяраў, вельмі лаяльна, відаць, да праверкі паставіўся Цэнтрвыбаркам і выбарчыя камісіі ― было, мяркую, прынятае рашэнне іх усіх зарэгістраваць. І таму фармальна закон не парушаны іх такой рэгістрацыяй.

Усе кааліцыі, якія ўтвараліся з 90-х гадоў у Беларусі, разваліліся. Усе, хто аб’ядноўваўся, усе памерлі палітычна.

Першае, што дэпутат ад ЛДПБ прапануе ў якасці законапраекта ― пераход да прапарцыйна-мажарытарнай сістэмы выбараў да 2020 года.

Ніколі ў жыцці я не парушаў закон, усіх, каго я прыцягнуў да адказнасці падчас працы ў праваахоўных органах, я прыцягнуў законна, ганаруся сваёй службай і калі б можна было вярнуць час назад, то пражыў бы жыццё гэтак жа.

Усе, хто апынуўся за кратамі, не маюць палітычнай перспектывы. Людзі гэтага не любяць, ім не патрэбны пакутнік, ім не патрэбны чалавек, які заклікае да нейкіх беспарадкаў.

Фота Алеся Пілецкага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі