Генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу супраць Рады БНР
Генеральная пракуратура Беларусі
Генпракуратура распачала крымінальную справу супраць Рады БНР. У справе фігуруюць сем артыкулаў КК РБ:
- змова ці іншыя дзеянняў з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357 КК);
- кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем (ч.1 арт. 361-1 КК);
- уцягванне ў экстрэмісцкую дзейнасць (ч. 2 арт. 361-4 КК);
- распальванне нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК);
- наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб (ч. 3 арт. 130-1);
- падбухторванне да ўдзелу грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з супрацьлеглых бакоў (ч. 5 арт. 16, ч. 1 арт. 361-3 КК);
- дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК).
Прадстаўнік пракуратуры Валерый Шуляк на прэс-канферэнцыі ў Мінску расказаў, што крымінальную справу ўжо накіравалі старшыні КДБ для арганізацыі папярэдняга расследавання, устанаўлення і прыцягнення да адказнасці "датычных асоб". Шуляк нагадаў, што КДБ прызнала Раду БНР "экстрэмісцкім фармаваннем". Гэта адбылося ў ліпені 2023 года, "пра што яго кіраўнікам і сябрам дакладна вядома", перакананы прадстаўнік пракуратуры, але "сваю супрацьпраўную дзейнасць яны не спынілі" і, у прыватнасці, у верасні арганізавалі "мерапрыемствы па ўключэнню новых удзельнікаў у супрацьпраўную дзейнасць".
У пракуратуры незадаволеныя, што кіраўніцтва Рады кантактуе "з іншымі экстрэмісцкімі арганізацыямі" (Каардынацыйнай радай, Аб'яднаным пераходным кабінетам Святланы Ціханоўскай), а таксама падтрымлівае сувязі з беларусамі, якія ваююць на баку УСУ. Акрамя таго, Рада БНР, лічаць у пракуратуры, распаўсюджвае "ілжывыя звесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь" і гэтая інфармацыя спрыяе "распальванню сацыяльнай варожасці і варажнечы". У паведамленнях Рады БНР пракуратура таксама ўгледзела "прапаганду экстрэмізму і тэрарызму", папулярызацыю дзейнасці тых, хто ваюе за Украіну (у версіі пракуратуры — тых, хто "прымае незаконны ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы").
Незадаволенасць пракуратуры выклікала і ўзнагароджанне беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне. Яны атрымалі медаль "За баявыя заслугі". Гэтыя і іншыя ўзнагароды, а таксама рэсурсы Рады БНР раней у верасні суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.